Саўмін па-ранейшаму маўчыць пра тое, за што будуць плаціць "дармаеды"
5 красавіка Савет Міністраў нарэшце пачаў публікаваць пастановы, якія дэталізуюць “дармаедскі” Дэкрэт №1. Лукашэнка даручаў падрыхтаваць гэтыя дакументы да 1 красавіка.
Цягам апошніх дзён у Саўміне адказвалі, што пастановы чакаюць падпісання. Затое цяпер на сайце Саўміна можна прачытаць пра камісію, якая зоймецца каардынацыяй уладкавання "дармаедаў" на працу. Апублікаваны таксама яшчэ адзін дакумент, які датычыцца Дэкрэта №1. Ён пралівае святло на тое, каго лічыць беспрацоўным, а каго — не.
А вось пастановы пра тое, за якія паслугі "дармаеды" будуць плаціць па поўных тарыфах, яшчэ няма. Прэс-сакратар Саўміна Уладзіслаў Сычэвіч у размове з Еўрарадыё кажа, што дакумент знаходзіцца на фінальнай стадыі ўзгаднення:
"Ён падрыхтаваны, але пакуль не ўзгоднены. Як толькі адбудзецца ўзгадненне, мы яго апублікуем".
Дарэчы, сённяшняя пастанова са складанай і доўгай назвай "Аб зацвярджэнні Прыкладнага палажэння аб пастаянна дзейнай камісіі па каардынацыі працы па садзейнічанні занятасці насельніцтва" падпісаная 31 сакавіка, то бок за дзень да прызначанага Лукашэнкам тэрміна.
"Так тэхнічна адбылося: пастанова з'явілася ў нас у базе сёння", — тлумачыць прэс-сакратар.
У студзені 2018 года Аляксандр Лукашэнка замяніў скандальна вядомы “дармаедскі” Дэкрэт №3 на лайтовы Дэкрэт №1. Цяпер замест падатку на "дармаедства" ў 20 базавых велічыняў беспрацоўныя будуць аплачваць некаторыя паслугі па поўнай праграме. Якія гэта паслугі, чыноўнікі мусілі паведаміць да 1 красавіка. Але, як бачым, у дэдлайн не ўклаліся.