Сайт Relax.by зняў артыкул пра рэстаран "Поедем поедим"
Рэдакцыя сайта Relax.by зняла матэрыял, які апісваў рэстаран "Поедем поедим" каля Курапатаў. Гэта адбылося пасля лавіны абураных каментароў пад артыкулам.
Спярша рэдакцыя выдаляла каментары, але потым вырашыла папросту зняць матэрыял.
У сваім тлумачэнні рэдакцыя кажа, што публікавала інфармацыю пра новы рэстаран бясплатна, каб пазнаёміць мінчукоў з новай установай.
"Разам з тым, мы не можам не заўважыць, што нават у такім фармаце матэрыял зачапіў пачуцці некаторых нашых чытачоў, якія палічылі недапушчальным адкрыццё ўстановы ў непасрэднай блізкасці ад Курапатаў, месца масавых расстрэлаў беларусаў у міжваенны перыяд. Relax.by — сайт пра рэстараны, моду, забавы, гарадское жыццё. Значны палітычны і грамадскі рэзананс не з'яўляецца для нас рэдакцыйнай мэтай.
Паважаючы пачуцці і пазіцыю нашых чытачоў, мы прынялі рашэнне выдаліць матэрыял з сайта", — заяўляе рэдакцыя Relax.by.