Севярынца ў Мінску сустракалі 12-кілаграмовым тортам (відэа, фота)

Выхад Паўла Севярынца на свабоду пасля чарговай “хіміі” вызначыўся паўнамаштабнай міліцэйскай спецаперацыяй. Замест таго, каб вызваліць Севярынца ў 9 гадзін, сустаршыню БХД узнялі пасярод ночы і амаль сілком адвезлі на бліжэйшую чыгуначную станцыю, дзе пасадзілі ў цягнік да Мінска.

“Паднялі ў 3.45 ноччу, загадалі пакаваць рэчы. Я спрабаваў патлумачыць, што лепш усё зрабіць нармальна, што людзі прыедуць сустрэць. Але мне паведамілі, што “ёсць загад зверху”, - расказвае Севярынец.

Выправіць Паўла на свабоду міліцыянты мусілі за 2 хвіліны – менавіта столькі стаяў маскоўскі цягнік на невялікай станцыі. Таму міліцыянты самі цягалі торбы з рэчамі Паўла. І нават прыгразілі праваднікам судом, калі яны не пагодзяцца узяць у вагон усе рэчы Севярынца (іх вага пераўзыходзіла дазволеныя 35 кілаграм).

У Мінску Севярынца сустракала сяброўка Вольга (справа).

Сябры падрыхтавалі для Паўла торт вагой ажно 12 кілаграм!

У цягніку Севярынца адразу пазналі. Расказвае, што нават распытвалі пра лёс іншых палітзняволеных.

“У купэ ў Баранавічах падселі да мяне тры чалавекі. І адзін дзядзечка сказаў мне “Змаганне працягваецца”, цётачка запыталася, як справы ў іншых палітвязняў. Незнаёмыя людзі пазнавалі”.

Але на гэтым прыгоды не скончыліся. Ужо ў Мінску каля дзясятка журналістаў міліцыя затрымала проста на пероне вакзала. “Вы выклікаеце падазрэнні”, - гаварылі ім спецназаўцы. І адводзілі ў пастарунак. Праз гадзіну пасля прыезда Севярынца ў Мінск кіраўнік сталічнай міліцыі Аляксандр Барсукоў паведаміў Паўлу, што журналістаў не вызваляць, пакуль ён знаходзіцца побач з вакзалам. Невялікая прэс-канферэнцыя адбылася на кватэры сяброў Паўла. Ён расказвае, што ўжо сёння плануе вяртацца да актыўнай дзейнасці:

“Зараз трэба памыцца. А вось выспацца не атрымаецца. Трэба наведаць абодва аргкамітэты па святкаванні 25-годдзя БНФ. У панядзелак ужо паеду ў Віцебск станавіцца на ўлік”.

А вось падрабязнасцяў пра змены ў прыватным жыцці Севярынец не расказвае. Абяцае зрабіць гэта “ў бліжэйшыя дні”, верагодна, што падчас вялікай прэс-канферэнцыі, якая адбудзецца ў аўторак 22 кастрычніка. А расказаць будзе што – у Мінску на пероне з букетам кветак Паўла сустракала яго сяброўка Вольга.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі