Сейм Польшчы заклікаў ЕС забараніць увоз прадуктаў з Беларусі і Расіі
"Наш маральны абавязак — спыніць гандаль"
Сейм Польшчы заклікаў ЕС увесці эмбарга на ўвоз прадуктаў харчавання і сельскагаспадарчай прадукцыі з Беларусі і Расіі. Рэзалюцыя была падтрымана ўсімі фракцыямі польскага парламента. У ёй гаворыцца, што "наш маральны абавязак — спыніць гандаль, які можа прама ці ўскосна спрыяць умацаванню здольнасці Расіі і Беларусі, якая яе падтрымлівае, прадаўжаць вайну з Украінай, тым больш, што расійскі імпарт можа ўключаць збожжа, скрадзенае з акупаваных тэрыторый Украіны".
"Расія працягвае сваю стратэгію ператварэння прадуктаў харчавання ў зброю, выклікаючы збоі ў пастаўках украінскай сельскагаспадарчай прадукцыі па ўсім свеце, — адзначаецца ў дакуменце. — Таму галоўным прыярытэтам ЕС павінен стаць працяг падтрымкі Украіны ў аднаўленні экспарту яе тавараў у краіны, якія ў гэтым больш за ўсё маюць патрэбу. Гандаль харчаваннем і сельскагаспадарчай прадукцыяй не можа працягваць падтрымліваць жорсткі расійскі рэжым і ягоных памагатых у Мінску".
Паводле афіцыйных даных, за 2023 год імпарт прадуктаў харчавання ў Польшчу з Беларусі склаў 86 млн долараў, а з Расіі — 380 млн долараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.