Латвія забараніла ўвоз сельгаспрадукцыі з Беларусі і Расіі
На мяжы
Латвія забараніла ўвоз сельгаспрадукцыі з Беларусі і Расіі. 22 лютага Сейм прыняў папраўкі да закона аб сельскай гаспадарцы і развіцці сельскіх раёнаў. Яны ўстанаўліваюць забарону на ўвоз сельскагаспадарчых і кармавых прадуктаў з РБ і РФ для спажывання ў Латвію. Цяпер чакаецца, што ўрад выдасць адпаведную пастанову са спісам канкрэтных тавараў.
Прэс-служба латвійскага парламента адзначае, што гэтыя папраўкі сталі альтэрнатывай законапраекту, прадстаўленаму групай дэпутатаў. Яны заклікалі ўвесці забарону на расійскую і беларускую прадукцыю не толькі ў Латвіі, але і ў іншых дзяржавах-членах Еўрасаюза. Згодна з папраўкамі, беларускую і расійскую сельскагаспадарчую прадукцыю нельга будзе ўвезці ў Латвію і з трэціх краін.
Вядома, што за першыя 10 месяцаў 2023 года расійскі імпарт сельскагаспадарчай і кармавой прадукцыі ў Латвію склаў 280 мільёнаў еўра. У асноўным гэта былі кармы, крупы, гарох і рапсавы алей. Не дзіўна, што пратэставалі латвійскія фермеры.
Адзначаецца, што новаўвядзенне — гэта "дадатковы элемент агульнай санкцыйнай палітыкі", якая праводзіцца ЕС у адказ на агрэсію Расіі супраць Украіны. Латвія першай у ЕС забараніла пастаўкі сельгаспрадукцыі з Беларусі і РФ. Забарона будзе дзейнічаць да лета 2025-га.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.