У Латвіі прапануюць чарговыя эканамічныя санкцыі супраць Беларусі і Расіі
Латвійскі сцяг, ілюстрацыйнае фота
У Латвіі прапануюць чарговыя эканамічныя санкцыі супраць Беларусі і Расіі. 18 студзеня Сейм перадаў два законапраекты на разгляд у парламенцкую камісію па бюджэце і фінансах. Фактычна яны прадугледжваюць разрыў апошніх эканамічных сувязяў з Беларуссю і Расіяй, піша Delfi.
Абодва законапраекты падрыхтавала апазіцыйнае Нацыянальнае аб'яднанне, але іх падтрымалі і дэпутаты ад кіруючых партый. Законапраекты павінны прайсці яшчэ тры чытанні ў Сейме.
У прыватнасці, прапануецца забараніць удзел у конкурсах, якія ладзяць дзяржаўныя ці муніцыпальныя ўстановы, длы прадпрыемстваў, якія імпартуюць або экспартуюць прадукцыю з Расіі і Беларусі. Як адзначае Нацаб'яднанне, у Латвіі ўсё яшчэ ёсць прадпрыемствы, якія супрацоўнічаюць з Расіяй, што выглядае як падтрымка ваеннай агрэсіі супраць Украіны.
Другі законапраект прадугледжвае забарону на пастаўку (у тым ліку транзіт) сельскагаспадарчай прадукцыі з Расіі і Беларусі — у тым ліку перапрацаванай. Такім чынам прапануецца спыніць абарачэнне расійскага збожжа ды іншых прадуктаў, каб Латвія не выступала пасярэднікам у пастаўцы гэтай прадукцыі на рынак ЕС.
"Купляючы хлеб у краме, мы павінны быць упэўненыя, што ў ім няма расійскага збожжа або крадзенага збожжа з Украіны. Падобна да таго, як Латвія перастала купляць расійскі газ, а за ёй услед пайшлі астатнія краіны Балтыі, так і на гэты раз мы можам дамагчыся, каб еўрапейскі рынак зачыніўся для расійскага збожжа", — кажа дэпутат Сейма ад Нацаб'яднання Яніс Грасбергс.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.