Шаўцоў: Не ведаю ніводнага чыноўніка, які б не прасіўся з пасады
Каб адпусцілі з пасады і была магчымасць добра ўладкавацца ў іншым месцы, трэба быць “слугой усіх гаспадароў”.
“Я Паўла Паўлавіча ні ў якім разе не выганяю з пасады міністра культуры, міністр ён нядрэнны. Але гэта яго жаданне”, — так кіраўнік краіны пракаментаваў пераход Паўла Латушкі з міністраў у дыпламаты.
У жніўні папрасіўся з пасады міністра замежных спраў Сяргей Мартынаў, праз некалькі дзён пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года з “уласнай ініцыятывы” пайшоў у адстаўку прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі. І нават прэс-сакратар Лукашэнкі Павел Лёгкі падаў заяву “па ўласным жаданні”. Чаму чыноўнікі такога ўзроўню бягуць са сваіх “зайздросных” пасад?
Павел Латушка, былы міністр культуры
“Не ведаю з ходу ніводнага знаёмага мне беларускага чыноўніка высокага ўзроўню, які б не прасіўся са сваёй пасады, — агаломшвае палітолаг Юрый Шаўцоў. І тлумачыць прычыны. — Гэта проста вельмі цяжкая праца, і справа ва ўмовах вельмі жорсткай канкурэнцыі. У нас дзяржаўны апарат жыве ў сітуацыі вельмі моцнай псіхалагічнай мабілізацыі, і людзі стамляюцца”.
А яшчэ, дадае былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, палітолаг Вольга Абрамава, чыноўнікі стамляюцца ад… малых заробкаў.
Вольга Абрамава: “Сёння праца ў дзяржаўным сектары аплачваецца вельмі нізка. У адпаведнасці з тымі ўяўленнямі аб правільным, якія ёсць у кіраўніцтва краіны”.
А на пасадзе амбасадара Беларусі ў Францыі той жа Латушка, упэўнівае Абрамава, будзе атрымліваць значна больш, чым на пасадзе міністра культуры. Дый задавальнення ад працы будзе значна больш.
Тое ж тычыцца, дадае Валеры Карбалевіч, і былога міністра замежных спраў Сяргея Мартынава — на працы ў расійскай бізнес-структуры заробак ён мае значна большы за міністэрскі.
Былы міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў
У гэтых сыходах па ўласным жаданні Юрый Шаўцоў не бачыць нічога страшнага для самой беларускай мадэлі “зручнага кіравання” краінай. Паводле слоў палітолага, сістэма наменклатурнай падрыхтоўкі-перападрыхтоўкі кіраўнікоў адладжаная, стыхійных прызначэнняў даўно няма і кіраўніку краіны прапаноўваецца некалькі прэтэндэнтаў на пасаду. З гэтым не згодная Вольга Абрамава.
Вольга Абрамава: “Больш вопытных “рэкрутуюць” на пасады — сёння чэргаў жадаючых узначаліць тое ці іншае ведамства няма. І знайсці сёння нават на ўзровень ніжэйшы за Саўмін, у выканаўчай уладзе людзей, высвятляецца, дастаткова складана”.
Сяргей Сідорскі, экс-прэм'ер-міністр
Лаяльных і амбіцыйных знайсці не складана, пярэчыць Валеры Карбалевіч. Але існуе небяспека, што яны не справяцца з абавязкамі. І, каб не рызыкаваць, Лукашэнка тусуе калоду з адных і тых жа старых правераных кадраў. Але ці лёгка “саскачыць па ўласным жаданні” з высокай пасады ў беларускай вертыкалі ўлады? Той жа Мартынаў, нібыта, некалькі разоў прасіў Лукашэнку адпусціць яго.
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, у адказ на прапанову Еўрарадыё напісаць заяву і пайсці на пенсію адпачываць, заявіла, што зрабіць гэта не так лёгка.
Вольга Абрамава: “Трэба захоўваць добрыя адносіны, старацца быць слугой усіх гаспадароў. Толькі ў гэтым выпадку ты можаш сысці без страт, без няміласці. І перасунуцца на іншую пасаду альбо пакінуць межы краіны і працаўладкавацца ў структурах Саюзнай дзяржавы”.
Важнасць сыхода “па-сяброўску” для добрага ўладкавання ў будучыні адзначае і Юрый Шаўцоў.
Павел Лёгкі, прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі