Шмат піць і своечасова збіваць тэмпературу — лекар пра тое, як змагацца з COVID
Мікіта Салавей / TUT.BY
Сітуацыя з захворваннем COVID-19 у Беларусі застаецца вельмі сур'ёзнай, заявіў у сваім першым жывым эфіры ў якасці сябра Каардынацыйнай рады Мікіта Салавей.
Ён, будучы галоўным інфекцыяністам Мінска, вельмі востра адказаў кіраўніку Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, якая заклікала чыноўнікаў ад медыцыны супакоіць лекараў-пратэстоўцаў, растлумачыць ім, што "дыялогу на вуліцах не будзе". Пасля свайго звароту да чыноўніцы Салавей прыняў рашэнне далучыцца да Каардынацыйнай рады
У сваім першым эфіры інфекцыяніст казаў пра небяспеку захворвання і неабходнасць берагчы сябе і блізкіх.
"Нягледзячы на тое што большасць перахварэе лёгка, трэба памятаць пра тыя 20 працэнтаў, якія будуць мець патрэбу ў накіраванні ў лякарні. І пра тыя 5 працэнтаў, якія могуць трапіць у рэанімацыю", — сказаў ён.
Мікіта Салавей падрабязна расказаў, як сябе паводзіць у выпадку захворвання тым, хто застаецца хварэць дома. Перш за ўсё ляжаць у так званай прон-пазіцыі — на жываце, падклаўшы пад ніжнюю частку грудной клеткі валік або падушку.
"Знаходзіцца ў ёй трэба 12-16 гадзін у дзень, яна паляпшае працу лёгкіх — асабліва ў пацыентаў з лішняй вагой і фактарамі рызыкі", — патлумачыў спецыяліст.
Акрамя таго трэба шмат піць і своечасова зніжаць тэмпературу.
"Выкарыстоўваць гарачкапаніжальнае мы рэкамендуем пры тэмпературы, вышэйшай за 38,5. Але калі гэта пацыент з сардэчнай паталогіяй ці ў яго ёсць непераноснасць высокіх значэнняў, можна пачынаць і пры тэмпературы, вышэйшай за 37,5", — патлумачыў ён.
Спецыялісты таксама рэкамендуюць прымаць вітамін D — даказана, што ён дапамагае знізіць цяжар захворвання.
Пры гэтым не варта настойваць на антыбіётыках. Са слоў Салаўя, амбулаторным пацыентам у большасці выпадкаў яны не патрэбныя. "Працэнт бактэрыяльных ускладненняў пры COVID-19 складае прыкладна 3-5 працэнтаў", — патлумачыў ён.
Пры гэтым ён не змог адказаць на пытанне, калі беларусы змогуць атрымаць доступ да вакцыны. І расійскі Sputnik V, і іншыя вакцыны толькі распрацаваныя, а значыць, даследаванняў па вывучэнні іх бяспекі на вялікіх групах людзей пакуль няма.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.