Што рабіць, калі вас затрымліваюць за фота адміністрацыйных будынкаў

Пасля шэрагу затрыманняў за фатаграфаванне адміністрацыйных аб'ктаў, Еўрарадыё паразмаўляла з юрыстамі, каб разабрацца з правамі і абавязкамі міліцыі ды жыхароў.

Гары Паганяйла заўважае, што афіцыйных законаў, якія забараняюць здымаць публічна-грамадскія будынкі няма. Яны могуць ахоўвацца, можа несціся ўзмоцненая служба па ахове правапарадку, яны могуць быць нашпігаваныя камерамі відэаназірання ды іншай тэхнікай, каб прадухіліць любы супрацьпраўны акт.

Нават будынак вакзала з’яўляецца грамадскім месцам, тварам горада, які ў пэўнай меры прываблівае турыстаў, робіць горад пазнавальным... “Здымаць нельга аб’екты, якія з’яўляюцца часткай інфраструктуры ўзброеных сіл ды іншых сілавых структур. Таму яшчэ раз паўтаруся, забароны на фатаграфаванне чыгуначных вакзалаў няма", — рэзюмуе праваабаронца Беларускага хельсінскага камітэту.

Калі да вас на вуліцы падыходзіць міліцыянт, першае, што трэба даведацца — яго званне, імя і які прыказ на дадзены момант ён выконвае. То бок ён забяспечвае ахову правапарадку, ці ён дзейнічае, як супрацоўнік органаў дазнання і ў дадзены момант спрабуе спыніць злачынства, пра якое яму стала вядома.

“Я разумею, што ў нашых рэаліях такія распытванні могуць прывесці да больш жорсткіх дзеянняў міліцыі, але час ад часу іх усё ж трэба абсякаць”, — кажа Гары Пятровіч.

Калі міліцыянт адмаўляецца агучваць адказы на гэтыя пытанні і працягвае настойваць на праходзе ў аддзяленне міліцыі, варта спытацца ці затрыманыя вы. Калі затрыманыя — то па крымінальным ці адміністрацыйным правапарушэнні. Але супраціўляцца прапанове прайсці з міліцыянтам не трэба, перакананы праваабаронца Валянцін Стэфановіч, бо такім чынам можна пагоршыць сваё становішча:

“Непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўнікаў міліцыі з’яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем. Паверце мне, потым даказваць у судзе, што іх дзеянні былі незаконнымі, будзе вельмі складана. А калі пачняце чапляцца за форменную вопратку, ды збіваць фуражкі, то гэта можа пацягнуць на ўзбуджэнне крымінальнай справы”.

Калі ж супрацоўнік міліцыі прадставіўся і распавёў, у чым справа, то можна ўжо даставаць пашпарт. Але ні ў якім разе не трэба яго аддаваць у рукі міліцыянту, дастаткова проста паказаць разварот, каб можна было прачытаць усю інфармацыю. Такім чынам вы аўтаматычна пазбягаеце фармулёўкі “пройдзем у аддзяленне для высвятлення асобы”.

“Па-першае, вы маеце права даваць тлумачэнні, але не абавязаныя, — пералічвае вашы правы, калі вы ўжо знаходзіцеся ў пастарунку, Валянцін Стэфановіч. — Па-другое, калі вас затрымалі, то лічыцца, што вы здзейснілі нейкае правапарушэнне, адпаведна, павінны скласці пратакол, дзе будзе тлумачэнне ў чым вас абвінавачваюць”.

Дактэласкапія, фота і відэафіксацыя можа адбывацца толькі тады, калі на вас складзены пратакол, то бок вы падазраяцеся ў здзяйсненні нейкага правапарушэння. Варта памятаць, што абвінавачванні ў адміністратыўных правапарушэннях таксама дазваляюць карыстацца паслугамі адваката, таму вы маеце права на яго выклік і размовы выключна ў прысутнасці адваката. Дарэчы, фотаапараты, дыктафоны, тэлефоны — гэта прыватныя рэчы, якія выдаваць праваахоўнікам не абавязкова. Каб праглядзець тое, што ў іх захоўваецца, міліцыянты мусяць скласці пратакол канфіскацыі, дзе зноў жа будуць патлумачаныя прычыны.

Затрыманні фатографаў ускосна патлумачыла копія унутранага распараджэння Міністэрства унутраных спраў, дзе гаворыцца практычна пра прадухіленне дзейнасці дыверсантаў.

“Праваахоўнікі могуць праводзіць адмысловыя мерапрыемствы па прадухіленні тэрарызму і гэтак далей, — каментуе распараджэнне Гары Паганяйла. — Але гэта не можа быць звязана з парушэннем правоў чалавека. Калі я не з’яўляюся падазраваным у тэрарыстычнай дзейнасці, то чаму да мяне дапускаюць такія дзеянні? Тады мы ўсіх пагалоўна ўспрымаем як тэрарыстаў. Адпаведна, у краіне ўводзіцца надзвычайнае становішча. І, такім чынам, мы можам праводзіць такія масавыя затрыманні з прызнаннем, што ў нашай краіне тэрарыстычная пагроза найвышэйшай ступені”.

Абодва юрысты разумеюць, што ўсё мусіць адбывацца па такой схеме выключна “на паперы”, калі прытрымлівацца існуючага закона. Але беларускія рэаліі “значна больш цікавыя і разнастайныя”.

Такім чынам, па законе, калі да вас на вуліцы падышоў міліцыянт з прэтэнзіямі:

1. Спытайце яго званне, імя і ўмоўна які прыказ ён выконвае.

2. У выпадку адказу можаце паказаць свой пашпарт, але не давайце яго міліцыянту ў рукі.

3. Калі вас усё ж вядуць у пастарунак, то вы — падазраваны. Спытайцеся за якое —адміністратыўнае ці крымінальнае парушэнне.

4. Не супраціўляйцеся дзеянням міліцыі, каб пазбегнуць адміністратыўнага пакарання. Тым больш, не збівайце яму фуражку, бо гэта можа пацягнуць крымінальную справу.

5. У аддзяленні вы можаце патрабаваць сувязі з адвакатам і даваць паказанні толькі ў яго прысутнасці.

6. На вас мусяць скласці пратакол, дзе будзе патлумачаная прычына затрымання.

7. Дактэласкапія, фота і відэафіксацыя можа адбывацца толькі тады, калі на вас складзены пратакол.

8. Каб паглядзець інфармацыю на вашым камп'ютары, тэлефоне, дыктафоне, фотаапараце і г.д., праваахоўнікі павінны скласці пратакол канфіскацыі, дзе будуць патлумачаныя яе прычыны.

9. Ніколі не забывайцеся, што ў Беларусі лішнія распытванні могуць прывесці да больш жорсткіх дзеянняў міліцыі.

10. Памятайце, што гэта ўсё паводле заканадаўства, але беларускія рэаліі значна больш цікавыя і разнастайныя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі