Лукашэнка ўручыў кітайскаму прэзідэнту ордэн з 8 брыльянтамі

Лукашэнка ўручыў кітайскаму прэзідэнту ордэн з 8 брыльянтамі

Падчас візіту ў Пекін Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў кітайскага прэзідэнта ордэнам "За ўмацаванне міра і сяброўства". Сі Цзіньпін атрымаў яго за асабісты ўнёсак у развіццё беларуска-кітайскіх стасункаў і "выключныя заслугі ва ўмацаванні сяброўскіх адносінаў і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі". Еўрарадыё даведалася, што гэтая ўзнагарода існуе ў адным экземпляры: ордэн зрабілі ў верасні на гомельскім прадпрыемстве "Крышталь".

"Каму будуць дарыць ордэн, мы не ведалі, — распавядае Еўрарадыё намеснік гендырэктара прадпрыемства па вытворчасці Юрый Дзядоў. — Ордэн планаваўся да вытворчасці даўно, яшчэ два гады таму. І ў мінулым годзе яго абмяркоўвалі, і паўгода таму. Эскіз карэктаваўся разоў сем ці восем, удзельнічала шмат мастакоў. А ў верасні прыйшла замова з Упраўлення справамі прэзідэнта".

Лукашэнка ўручыў кітайскаму прэзідэнту ордэн з 8 брыльянтамі
Фота: БелТА

"Ордэн выкананы са срэбра, з залатым пакрыццём, — працягвае Юрый Дзядоў. — Там замацаваныя восем брыльянтаў. Сапраўдныя камяні — гэта не тое, што нейкія там фіяніты ці яшчэ што-небудзь. На ордэне выяўлены герб Беларусі, таксама там ёсць васьміканцовая зорка. А на аснове, пад зоркай, і замацаваныя гэтыя брыльянты".

Ордэнская лента таксама незвычайная: на ёй выяўлены арнамент у колерах дзяржаўнага сцяга, які чаргуецца са звёнамі ў выглядзе васількоў. Эскіз ордэна рабілі ў Акадэміі мастацтваў.

Восем брыльянтаў — столькі няма больш ні на якім беларускім ордэне. Дарэчы, на сайце кіраўніка Беларусі, дзе пералічаныя ўсе дзяржаўныя ўзнагароды, ордэна "За ўмацаванне міра і сяброўства" няма. Выглядае на тое, што афіцыйна ён увогуле не існуе, хаця і разглядаўся на Геральдычным савеце.

Лукашэнка ўручыў кітайскаму прэзідэнту ордэн з 8 брыльянтамі

"Па гербах, сцягах і эмблемах мы робім заключэнні. Дзяржаўныя ўзнагароды таксама разглядаем, але яны, што называецца, не за Геральдычным саветам, — распавядае сябра савета, дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Мінюста Уладзімір Адамушка. — На геральдычным савеце яго разгледзелі паўгода таму, а може, нават, больш. А далей нашыя функцыі скончыліся".

Знайсці ўказ, якім Аляксандр Лукашэнка заснаваў новы ордэн, у Еўрарадыё не атрымалася. Няма яго і ў пераліку ўсіх існуючых дзяржаўных узнагародаў і знакаў пашаны, які знаходзіцца ў законе "Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь". Затое там ёсць ордэн Дружбы народаў: ён уручаецца "за значны ўнёсак у справу ўмацавання міра, сяброўскіх адносінаў і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі, кансалідацыю грамадства і адзінства народаў". Нескладана заўважыць што гэтая фармулёўка фактычна дублюе абгрунтаванне, з якім новую ўзнагароду атрымаў Сі Цзіньпін.

Што праўда, выглядае ордэн Дружбы народаў нашмат больш сціпла: ні золата, ні брыльянтаў.

Лукашэнка ўручыў кітайскаму прэзідэнту ордэн з 8 брыльянтамі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі