Шуневіч: Цывільную вопратку для міліцыі будзем выкарыстоўваць і далей
Цывільную вопратку, “як элемент маскіроўкі”, для супрацоўнікаў міліцыі ніхто не адмяняў, і нападаць на такіх міліцыянераў нікому не дазволена. Так міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч пракаментаваў Еўрарадыё суд над грамадскім актывістам Святаславам Барановічам, якога вінавацяць у гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.
Шуневіч: “Усе, хто будзе кідацца бараніць, будуць і далей атрымліваць. Толькі так. Грамадскі парадак непарушны і недатыкальны. І грамадзяне, якія жадаюць, павінны дапамагаць наводзіць парадак, а не перашкаджаць працы міліцыі. Таму памылка ў аб’екце ― гэта яго асабістая праблема і трагедыя. Мы наводзім парадак усімі даступнымі законнымі метадамі, а аператыўную працу ніхто не адмяняў, цывільную вопратку, як элемент маскіроўкі, таксама ніхто не адмяняў. Таму будзем працаваць, як і раней. Але, павышаючы свой прафесіяналізм і ўлічваючы гэты выпадак, у тым ліку”.
Нагадаем, пасля “Марша недармаедаў” вясной 2017 года міліцыянты ў цывільным пачалі жорстка затрымліваць анархістаў, удзельнікаў шэсця. Святаслаў Барановіч кінуўся бараніць маладзёнаў ад невядомых нападнікаў. Цяпер яго вінавацяць у гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. На судзе пракурор Сергіенка папрасіла для актывіста чатыры гады зняволення. 28 лютага павінны былі абвясціць прысуд, але пасяджэнне было перанесенае на 12 сакавіка.