Шыльду ў гонар савецкага разведчыка адчынілі ва ўмовах строгай сакрэтнасці
У Магілёве адкрылі шыльду ў гонар Льва Маневіча / mogilev.media
У Магілёве 4 траўня адчынілі мемарыяльную шыльду ў гонар савецкага разведчыка Льва Маневіча. Яна з'явілася на будынку ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта на вуліцы Ленінскай. Сам ліцэй носіць імя легендарнага разведчыка.
Як піша mogilev.media, папярэдне ў афіцыйных крыніцах пра адкрыццё шыльды не паведамлялі. На цырымоніі адкрыцця прысутнічалі людзі ў цывільным, якія перашкаджалі мінакам фатаграфаваць цырымонію і нават выклікалі міліцыю.
Адчынілі шыльду з ініцыятывы Магілёўскага абласнога ўпраўлення КДБ.
Леў Маневіч нарадзіўся ў Чавусах у яўрэйскай сям’і. З маленства ён жыў у Еўропе, але пасля 1917-га вярнуўся на радзіму і служыў у Чырвонай арміі. Потым яго завербавалі ў разведку і адправілі ў Заходнюю Еўропу, дзе Маневіч стварыў шырокую сетку інфарматараў. Нацыстам удалося арыштаваць яго, і цягам усёй Другой сусветнай вайны Маневіча трымалі ў зняволенні.
Але нават з канцлагераў ён змудраўся перадаваць разведданыя ў Маскву. У 1945 годзе Маневіча вызвалілі амерыканцы, але неўзабаве ён памёр ад туберкулёза. Ёсць меркаванні, што Маневіч паслужыў Юліяну Сямёнаву адным з прататыпаў Шцірліца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.