Сі Цзіньпін настойліва рэкамендуе Пуціну адмовіцца ад ядзерных пагроз — СМІ

Уладзімір Пуцін і Сі Цзіньпін / ТАСС
Уладзімір Пуцін і Сі Цзіньпін / ТАСС

Лідар Кітая Сі Цзіньпін асабіста перасцярог прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна ад выкарыстання ядзернай зброі ва Украіне. Пра піша Financial Times, спасылаючыся на кітайскіх і амерыканскіх афіцыйных асобаў, сярод якіх прадстаўнік адміністрацыі Белага дома і высокапастаўлены дарадца кітайскага ўрада.

Адпаведную заяву Сі Цзіньпін зрабіў у сакавіку падчас свайго візіту ў Маскву.

Як нагадвае Бі-Бі-Сі, акрамя таго Пекін распрацаваў і так званы мірны план па Украіне, які не атрымаў ходу. У ім таксама абазначаная пазіцыя Кітая наконт расійскіх ядзерных пагроз. Заходнія СМІ мяркуюць, што афіцыйны Пекін хоча прыпісаць сабе заслугі па ўрэгуляванні сітуацыі з ядзернай зброяй.

Дарэчы, кітайскія ўлады не крытыкуюць адкрыта Расію за агрэсію супраць Украіны і не раз заяўлялі, быццам канфлікт зацягваецца праз пастаўкі заходняй зброі Кіеву.

Разам з тым Захад падтрымлівае намаганні кітайскага лідара ў галіне ядзернага стрымлівання.

Заходнія крыніцы Financial Times лічаць, што праз ціск на Крэмль Кітай разлічвае захаваць роўныя адносіны з Еўропай дзеля сваіх эканамічных інтарэсаў.

Крыніца Financial Times у Вашынгтоне паведаміла, што расійскія ўлады расчараваныя пазіцыяй Кітая, бо разлічвалі на большую падтрымку з яго боку.

Пазней на брыфінгу 5 ліпеня прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў назваў выдумкамі публікацыю FT пра просьбу Сі Цзіньпіна да Уладзіміра Пуціна адмовіцца ад ужывання ядзернай зброі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі