Сіноптык: Дождж у Мінску, які падаў 10 гадзін ― рэкордны

Сіноптык: Дождж у Мінску, які падаў 10 гадзін ― рэкордны

Залева, якая цягнулася 10 гадзін і заліла Мінск ― самая моцная за ўсю 150-гадовую гісторыю назіранняў. Па словах галоўнага сіноптыка Белгідрамета Святланы Рыбаковай, за гэты час у раёне абсерваторыі на праспекце Незалежнасці выпала 77 мм дажджу (то бок, 77 літраў на квадратны метр), што складае 87 працэнтаў кліматычнай месячнай нормы. А ў раёне Самахвалавіч адзначана 104 мм ападкаў, а гэта 116% кліматычнай нормы.


"Але ўвогуле для Беларусі гэты дождж не лічыцца самым моцным. Бо 7 жніўня 1970 года ў Бабруйску выпала 146 мм ападкаў", ― кажа Святлана Рыбакова.


Па словах сіноптыка, у сераду 26 ліпеня ў Мінску таксама чакаецца дождж, навальніца, парывісты вецер. Але непагадзь будзе насіць, хутчэй, кароткачасовы характар.


27 ліпеня дажджы ў сталіцы возьмуць паўзу. Але на большай частцы тэрыторыі Беларусі яны ўсё ж пройдуць, прычым, з навальніцамі, месцамі ― з моцнымі залевамі, па Усходзе ― з градам. Паветра прагрэецца да +30.


У пятніцу 28 ліпеня надвор'е пагоршыцца. Уплыў чарговага атмасфернага фронта выкліча кароткачасовыя дажджы, часам, з залевамі па ўсёй рэспубліцы. Такое ж надвор'е захаваецца і ў суботу 29 ліпеня.


У нядзелю 30 ліпеня дажджы спыняцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі