СК: Падазраваных з наркатычнай вечарынкі трое — два хлопцы і дзяўчына
Падазраваных з вечарынкі з наркотыкамі трое — два хлопцы і дзяўчына. Распачатыя дзве крымінальныя справы. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова. 19 студзеня міліцыя прыйшла ў катэдж у Мінску, дзе сабраліся 37 маладых людзей. У двух непаўналетніх былі знойдзены наркотыкі (марыхуана і асабліва небяспечнае рэчыва MDMA). Сталічная міліцыя паведаміла, што былі затрыманыя ўсе прысутныя на вечарынцы.
Ганчарова падкрэслівае, што "па падазрэнні ў наркаабароце ўсіх не затрымлівалі", а толькі згаданых трох чалавек. Расследаванне праводзіць Партызанскі раённы аддзел СК.
Малаверагодна, каб міліцыя памылілася ў колькасці затрыманых. Верагодна, амаль чатыры дзясяткі чалавек былі дастаўленыя ў пастарунак для высвятлення асобы, але ў выніку амаль усіх адпусцілі. Затрыманымі засталіся толькі трое.