СК завяршыў завочнае следства супраць забудоўшчыка "Грушаўскага пасаду"
Ілля Волах
Следчы камітэт завяршыў завочнае расследаванне па прычыненні маёмаснай шкоды пры будаўніцтве дамоў жылёвага комплексу "Грушаўскі пасад". У рамках гэтай справы была пачатая спецыяльная вытворчасць на дырэктара ТАА "Жылбудкамплект" Іллю Волаха.
Паведамляецца, што Волах з 2016 года па 2020 год заключаў пагадненні на будаўніцтва жылых і нежылых памяшканняў і дагаворы куплі-продажу жыллёвых аблігацый ТАА "Жылбудкамплект". Агулам ён атрымаў больш за 58 мільёнаў рублёў, якіх, згодна з дакументацыяй, цалкам хапала для ўзвядзення жыллёвага комплексу.
Аднак 24 мільёны рублёў прадпрымальнік выдаткаваў на свае патрэбы, сцвярджае следства. "Больш за мільён рублёў выдаткавана Волахам на будаўніцтва дома ў Кобрыне і куплю дарагіх аўтамабіляў для сябе і жонкі і каля 3 мільёнаў — на будаўніцтва базы адпачынку "Лясная гавань". Іншыя грашовыя сродкі выдаткоўваліся абвінавачаным на куплю прадметаў раскошы, асабістыя патрэбы, разгульны лад жыцця, адпачынак у дарагіх установах, набыццё аб'ектаў нерухомасці", — заяўляюць у Следчым камітэце.
Разам з Волахам абвінавачаным па справе праходзіць намеснік дырэктара па фінансах Аляксей Зайцаў. Ён за свае дзеянні атрымліваў ад начальніка павышаны аклад (да 9 тысяч рублёў у месяц), дарагі службовы аўтамабіль і "аб'екты нерухомасці". Цяпер Зайцаў перабывае пад вартай.
Следчыя выявілі па справе 430 пацярпелых і 5 суб'ектаў гаспадарання, якім Волах прычыніў шкоду на агульную суму больш за 58 мільёнаў рублёў.
Следства арыштавала маёмасць абвінавачаных і чальцоў іх сем'яў на агульную суму больш за 21 мільён рублёў.
Сам Волах атрымаў польскае грамадзянства і пражывае ў Варшаве. Беларусь прасіла пра яго экстрадыцыю, але атрымала адмову. Можна меркаваць, што на гэта паўплывала не толькі напружанасць у беларуска-польскіх дачыненнях, але і звесткі пра катаванні ў беларускіх месцах пазбаўлення волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.