Скандал у Польшчы: Яраслава Качыньскага вінавацяць у махлярстве з нерухомасцю

Скандал у Польшчы: Яраслава Качыньскага вінавацяць у махлярстве з нерухомасцю

Старшыня кіруючай польскай партыі “Права і справядлівасць” Яраслаў Качыньскі планаваў пабудаваць у самым цэнтры Варшавы два хмарачосы агульным коштам у 350 млн долараў. Як піша ліберальнае выданне Gazeta Wyborcza, палітык хацеў зрабіць гэта таемна, каб сумнеўная здзелка не паўплывала на вынікі выбараў. Аднак Качыньскі падмануў свайго партнёра, і цяпер яму пагражае суд.

У распараджэнні польскага СМІ апынуліся аўдыёзапісы размовы палітыка з аўстрыйскім дэвелоперам Геральдам Біргфелнэрам, фірма якога рыхтавала інвестыцыі ў праект будаўніцтва. Паводле выдання, 190-метровыя хмарачосы-блізнюкі павінна была пабудаваць кампанія Srebna, якая належыць фонду Леха Качыньскага (у склад савета ўваходзіць Яраслаў Качыньскі). Аднак, як вынікае з запісу, усе здзелкі мусілі правесці праз іншыя кампаніі, каб Srebrna не мела ніякіх афіцыйных сувязяў з будаўніцтвам. Таксама з запісу вынікае, што фонд Качыньскага мог бы мець да 30 адсоткаў ад гадавых прыбыткаў з арэнды будынкаў.  

Аўстрыйская фірма выканала сваю працу, але пры гэтым не атрымала ніякага ўзнагароджання. Хаця паводле дамовы, Біргфелнэр мусіў зарабіць каля 10 млн долараў. Пазней Качыньскі прапанаваў аўстрыйцу прыпыніць праект, паколькі асцерагаўся, што будоўля можа паўплываць на вынікі мясцовых выбараў у Варшаве ў 2018 годзе і парламенцкіх выбараў у 2019 годзе.

На запісах чуваць, як кіраўнік “Права і справядлівасці” кажа, што, калі палякі даведаюцца пра хмарачосы перад выбарамі, гэта можа паставіць крыж на перспектывах яго партыі. “Калі не выйграем выбары, то не пабудуем хмарачосаў у Варшаве”, — падкрэсліў некалькі разоў Яраслаў Качыньскі ў размове 27 ліпеня 2018 года.

Пасля адмовы кіраўніка партыі ПіС ад рэалізацыі інвестыцыі, кампанія Srebrna не заплаціла аўстрыйскаму дэвелоперу і юрыдычнай фірме за іх паслугі і не хацела таксама аплаціць Геральду Біргфелнэру выдаткі за авіябілеты і пражыванне ў гатэлях падчас падрыхтоўкі праекту. Яраслаў Качыньскі заявіў Біргфелнэру, што калі той мае прэтэнзіі, то можа звярнуцца ў суд і паспрабаваць дабіцца справядлівасці там.

Адвакаты аўстрыйца ўжо падалі ў суд на лідара ПіС. Яны вінавацяць палітыка ў “махлярстве ў асабліва буйных памерах”.

Больш важных і цікавых навінаў у праграме “Еўразум” за 29.01

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі