“Скарбонка часу”: крохкая выстава з сакрэтам
Вольга Савіч паказала мінчукам выставу пра крохкасць часу, чалавечых адносінаў і існавання.
Месца для выставы Вольга абрала не выпадкова ― усе здымкі былі зробленыя менавіта на праспекце Незалежнасці. “Таму на праспекце мусяць і заставацца”, ― вырашыла мастачка, калі абрала для сваёй “Скарбонкі часу” Музей сучаснага выяўленчага мастацтва. На здымках ― фрагменты архітэктуры Мінска, але пафасныя пабудовы “сталінскага ампіру” застаюцца па-за кадрам.
Вольга Савіч
Ірына Герасімовіч, Вольга Савіч і ўдзельнікі перфомансу
На здымках, што складаюць экспазіцыю, няма людзей. У адказ на пытанне “чаму?”, Оля прыгадвае адну са сваіх любімых японскіх прымавак: “Калі вы хочаце намаляваць восеньскі пейзаж, ніколі не малюйце чараду гусей, што адлятаюць”. І дадае:
“Насамрэч там не прысутнічае нічога, акрамя часу. Нічога, акрамя таго, што зроблена чалавечымі рукамі ― ад саміх фотаздымкаў да тых жа будынкаў. У гэтым і ёсць чалавек і яго праяўленне. Бо ёсць вельмі многа людзей, якія толькі здаюцца жывымі, але насамрэч яны нежывыя вельмі даўно. А ёсць сцены, да якіх ты прыхіляешся і адчуваеш нешта такое, што цябе зараджае яшчэ на 10 гадоў шчаслівага жыцця”.
Вольга Савіч паказвае ў сваім праекце пазачасавасць ― тэрыторыю не толькі тых, хто адышоў, але і тых, хто адыдзе, ― трывожную няўлоўную прастору, якая яднае ўсіх нас. Пранізлівае разуменне таго, што ўсё мінае, якое з'яўляецца ад гэтых здымкаў, дазваляе больш востра і выразна адчуць сваё ўласнае знаходжанне ў свеце ― не менш крохкае і чароўнае, чым цені ды плямы на гэтых камянях.
“Мы вельмі рады, што гэты праект вырывае са штодзённасці і прымушае задумацца ― дзеліцца сваімі адчуваннямі куратарка праекту Ірына Герасімовіч. ― “Скарбонка часу” паказвае, у тым ліку, і вельмі трывожны бок чалавечага жыцця ― часовасць і тое, што некалі і нас не будзе”.
Падчас адкрыцця выставы шмат разважалі і пра тое, наколькі яе афармленне адпавядае назве ― “Скарбонка часу”. Для некаторых наведвальнікаў музею “скарбонка”, хутчэй, азначае нешта закрытае, схаванае і інтымнае ― нешта, што шкада разбіць раней часу.
Свае фотаздымкі Оля аправіла ў прыгожыя, крохкія шкляныя антырамы. Глядзіш на іх і нібыта дакранаешся да “сакрэцікаў”, якія кожны з нас рабіў у дзяцінстве, калі нешта вельмі дарагое сэрцу хавалася пад кавалачак шкла і засыпалася пяском. З цягам часу і гэтыя працы можна будзе адкрыць нанова і паглядзець, што было, а што засталося, лічыць мастачка. Дарэчы, падчас падрыхтоўкі “Скарбонкі часу” Вольга Савіч разам з куратарам выставы Ірынай Герасімовіч прайшлі тым маршрутам, які зрабіла Вольга, рыхтуючы гэтыя фотаздымкі ― практычна нічога з таго, што было тады, не засталося.
Вядомы фатограф Уладзімір Парфянок, які з’яўляецца і адным з настаўнікаў Вольгі ў рэчышчы фотамастацтва, прыйшоў да высновы, што ў мастачкі не зусім атрымалася ўтаймаваць складаную залу музея. Уладзімір спрабуе пашукаць іншае пластычнае рашэнне:
“Для мяне “Скарбонка часу” азначае нешта непразрыстае, патаемнае, схаванае. І калі я бачу тут шкло, якое ўключанае, як вельмі актыўны экспазіцыйны элемент, наступае збой. Гэтыя фотаздымкі цікавыя без усяго гэтага дэкору. Я разумею, што была задача зрабіць больш складаную, шматэлемнтную па кампазіцыі выставу, уключыць перфоманс. Здорава, што ёсць спробы шукаць дарожкі і мосцікі паміж рознымі відамі мастацтва, гэта цудоўнае пачынанне, але каб яны былі больш упэўненымі і чытэльнымі для ўсіх астатніх”.
Уладзімір Парфянок і Вольга Савіч
Удзельнік гурта “Разбітае сэрца пацана” Павел Гарадніцкі адмыслова прыйшоў у музей, загадзя не чытаючы пра “Скарбонку часу” нічога. Кажа, што толькі так можна атрымаць шчырыя і чыстыя ўражанні. А каб прачытаць мэсэдж, які перадае аўтар праз свае творы, неабходна ўвесь час займацца самаадукацыяй, перакананы Паша:
“Гэта прасцей за ўсё, сказаць: “Ай, я не разумею, мне гэта не падабаецца, таму гэта не мастацтва!” Трэба цікавіцца сучасным мастацтвам, каб быць у тэме. Мне падалося, што гэта выстава пра крохкасць чалавечых адносінаў. Бо першае, што мне выпадкова кінулася ў вочы, гэта подпіс да фотаздымкаў “Асцярожна, не кранайце рамкі рукамі! Яны вельмі, вельмі крохкія!” Пасля мой погляд перакінуўся на акцёраў перфоманса і падумалася ― людзі ж таксама вельмі крохкія!”
Павел Гарадніцкі
Выстава “Скарбонка часу” праходзіць у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва да 24-га жніўня. Раім наведаць!
гурт Dzivasil