Скарына? Пісьменнік! Мабыць, пісаў нешта цікавае
Днямі Мінск насмяшыла гісторыя з Францыскам Скарынам і чатырма памылкамі на білбордзе, дзе размешчана выява першадрукара. Мы прагуляліся па спякотнай вуліцы Карла Маркса і пацікавіліся ў мінакоў, хто ж такі Скарына, дзе ён жыў і чым займаўся.
"Гэта наш першадрукар. Праславіўся ён тым, што перавыдаў першую біблію на тэрыторі Беларусі, — узгадвае дзяўчына ў круглых акулярах і кавай у руках. — Жыў ён у Італіі, па-мойму, а нарадзіўся ў Беларусі. У якім горадзе — ужо не памятаю".
Усмешлівая жанчына з карэ:
"Як хто — выдаў першую кнігу?! Беларускі першы пісьменнік. Першадрукар. Па-мойму, Біблію, калі я не памыляюся. А вось дзе жыў... у Польшчы? Ой, не памятаю. Даўно вучылася ў школе".
Муж і жонка, устаючы з-за століка ў кавярні:
— Кто, простите?
— Францыск Скарына.
— Это белорусский какой-то?
— Так.
— Не знаем, к сожалению. Мы туристы из России. Извините.
"Францыск Скарына — беларускі пісьменнік. Ён надрукаваў, калі мне не адшыбае памяць са школы, першую Біблію. Ну, друкар быў беларускі. А дзе нарадзіўся і жыў? Не скажу. Сорамна", — смяецца дзяўчына ў сонечных акулярах.
Хлопец у капелюшы, які нешта дажоўвае:
"Перадусім, мабыць, пісьменнік, культурны дзеяч Беларусі... Па-мойму, гэта позняе Сярэдневечча — XVI стагоддзе ці XV-е. Праславіўся? Здаецца, ён першы на нашых землях кнігадрукам заняўся, Біблію выдаў. А нарадзіўся... Горад. Хочацца сказаць Полацк, але я не ўпэўнены. Па-мойму, ён пражыў у Літве, магчыма, у Вільні. А памёр... Памятаю, што не ў Беларусі".
Жанчына з каралямі:
— Ну хто? Наш пісьменнік.
— А чым ён праславіўся?
— Не ведаю. Я не беларуска. Таму не магу вам сказаць.
Хлопец і дзяўчына:
— Гэта пісьменнік. Мабыць, пісаў нешта цікавае.
— Я заўсёды баюся такіх пытанняў на вуліцы. Не хочацца ганьбіцца на ўсю Беларусь.
Цудоўны мужчына ў белым капелюшы, чорных акулярах, бірузовым пола і светлых нагавіцах, вельмі падобны да замежніка, адзіны, хто адказвае на ўсе пытанні Еўрарадыё і нават больш:
— Вы што, жартуеце? Гэта ж першадрукар беларускі, які надрукаваў кніжкі свае ў Вільні і ў Празе. У XVI стагоддзі, на самым пачатку. На ўсходнеславянскіх землях быў першы. Ну, так умоўна ўсходнеславянскіх. Бо хто заходні, хто ўсходні — цяжка акрэсліць. Я асабіста расійцаў да славянаў, апроч як па культуры, не адношу. Этнічна яны не славяне. А ў іх быў Фёдараў. Ён быў, здаецца, 60 ці 80 гадоў пазней.