СМІ: Праз "малочную вайну" з Беларуссю ў Расіі праблемы з дзіцячым харчаваннем
Абмежаванні на ўвоз малочнай сыравіны з Беларусі пагражаюць расійскай харчовай прамысловасці. Пра гэта расійскаму ўраду паведаміла Асацыяцыя еўрапейскага бізнесу, піша "Коммерсант".
Пад забарогу Рассяльгаснагляду трапілі ключавыя інгрэдыенты для кандытарскай галіны: сухое абястлушчанае малако, дэмінералізаваная сыроватка, якія выкарыстоўваюцца для вырабу кандытарскіх вырабаў, дзіцячага харчавання і марожанага. Іх недахоп можа прывесці нават да спынення прадпрыемстваў, да скасавання кантрактаў і росту адпускных цэн.
Ліст атрымалі першы віцэ-прэм'ер Расіі Антон Сілуанаў, віцэ-прэм'ер Аляксей Гардзееў, кіраўнік Міністэрства сельскай гаспадаркі Дзмітрый Патрушаў. У дакуменце падкрэсліваецца, што расійскія вытворцы сухой малочнай сыравіны не могуць задаволіць попыт, а каб нарасціць выпуск згаданай прадукцыі, неабходныя інвестыцыі. А некаторыя пазіцыі (напрыклад, дэмінералізаваная сыроватка, якая выкарыстоўваецца ў вытворчасці харчавання для немаўлятаў) у Расіі папросту не вырабляюцца.
Асацыяцыя еўрапейскага бізнесу просіць расійскі ўрад разгледзець пытанне аднаўлення паставак малочнай сыравіны з беларускіх прадпрыемстваў са станоўчай акрэдытацыяй Рассельгаснагляду. Гэтае ведамства ўвяло абмежаванні пры пастаўках у тары больш за 2,5 літра з 6 чэрвеня. Пасля перамоваў беларускіх і расійскіх чыноўнікаў абмежаванні былі знятыя, але толькі з асобных прадпрыемстваў. У выніку значная частка малочнай сыравіны з Беларусі дагэтуль застаецца пад забаронай.
Некаторыя расійскія прадпрыемствы паспелі зрабіць запасы беларускай сыравіны, але яе ў лепшым выпадку хопіць да канца года.