СМІ: спецслужбы Ізраіля расстралялі іранскага навукоўца з адлегласці 1600 км
Аўтамабіль, у якім ехаў іранскі фізік-ядзершчык Мохсэн Фахрызадэ / AP Photo / Fars News Agency
Іранскі фізік-ядзершчык Мохсэн Фахрызадэ быў забіты агентамі ізраільскай разведкі з дапамогай высокатэхналагічнай снайперскай прылады.
Падрабязнасці забойства, здзейсненага восенню 2020 года, сталі вядомыя New York Times.
Для гэтага спецслужбы Ізраіля выкарысталі кулямёт FN MAG са штучным інтэлектам, якім яны кіравалі дыстанцыйна з адлегласці амаль 1600 км.
Сама канструкцыя важыла каля тоны. Яе разабралі і па дэталях, у розны час і рознымі маршрутамі, перавезлі ў Іран, паведамляе газета.
Робат быў размешчаны ў дне пікапа Zamyad, абсталяванага відэакамерамі і начыненага выбухоўкай, каб яго можна было падарваць і знішчыць усе сляды.
Як тлумачыць газета, паміж момантам, калі снайпер бачыць малюнак і калі кулямёт атрымлівае зваротны сігнал да стральбы, магло прайсці каля 1,6 секунды, і гэта без уліку часу на рэакцыю самога снайпера. Таму для стральбы спецслужбы Ізраіля задзейнічалі штучны інтэлект.
Крыніца New York Times паведамляе, што афіцыйныя асобы ў ЗША ведалі пра замах і падтрымалі ізраільскі план.
Іранскі фізік-ядзершчык Мохсэн Фахрызадэ 27 лістапада 2020 года ехаў на браніраванай машыне, калі па ёй былі зроблены некалькі стрэлаў.
Фахрызадэ падумаў, што ўзніклі праблемы з рухавіком або машына на нешта наехала, і выйшаў. У гэты момант дыстанцыйна кіраваны кулямёт адкрыў па ім агонь з пікапа, які стаяў непадалёк. Затым аўтамабіль, з якога вялася стральба, выбухнуў.
Навуковец атрымаў цяжкія раненні і памёр у бальніцы.
Фахрызадэ кіраваў Цэнтрам фізічных даследаванняў і ўзначальваў таемную праграму па стварэнні ядзернай боегалоўкі для балістычных ракет "Праект Амад".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.