СМІ: Тры версіі катастрофы расійскага самалёта A321 у Егіпце

СМІ: Тры версіі катастрофы расійскага самалёта A321 у Егіпце

Газета "Коммерсантъ" апублікавала тры версіі катастрофы расійскага самалёта A321 у Егіпце. Ён выконваў рэйс Шарм-эль-Шэйх — Санкт-Пецярбург і разбіўся на поўначы Сінайскага паўвострава раніцай 31 кастрычніка. На яго борце знаходзілася 224 чалавекі, а сярод іх і трое ўраджэнцаў Беларусі. Целы большасці загінулых ужо прывезлі ў Санкт-Пецярбург, другі рэйс МНС Расіі адбудзецца сёння ўвечары.

"Коммерсантъ" нагадвае, што лайнер разваліўся на часткі ў паветры. Дагэтуль незразумела, з-за чаго гэта адбылося. Расійскае выданне сабрала галоўныя верагодныя версіі экспертаў.

Першая версія — адна з крыніц газеты, блізкая да расследавання, параўнала катастрофу A321 з катастрофай самалёта Boeing 747 авіякампаніі Pan American у 1988 годзе ў Шатландыі. Тады самалёт разбіўся ў выніку тэракту: на яго борце выбухнула невялікая бомба, схаваная ў багажы, што прывяло да разгерметызацыі салона.  

Другая версія — расколіна ў канструкцыі лайнера, напрыклад, у шпангоўце фюзеляжу. Вядома, што ў 2001 годзе A321 падчас пасадкі ў аэрапорце Каіра ўдарыўся аб паласу хваставой часткай. Пасля праверкі самалёт вярнулі ў эксплуатацыю. Крыніца "Коммерсанта" не выключае, што "падчас тэхабслугоўвання ці рамонту нешта недаглядзелі".

Трэцяя версія — паломка рухавіка. Па словах экспертаў, у выпадку разбурэння турбіны лопасці, якія адарваліся, маглі прабіць крыло і фюзеляж самалёта.

Аднак для таго, каб высветліць сапраўдную прычыну трагедыі, неабходна сабраць усе абломкі самалёта і аднавіць яго контур. Неабходна правесці іх агляд і праверку на магчымую наяўнасць слядоў выбухоўкі.

Фота: AFP

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі