Сноўдэн папрасіў у Расіі часовага прытулку
Хоць у выніку ён збіраецца пасяліцца ў Лацінскай Амерыцы
Пра гэта паведаміла ў сваім твітары журналістка выдання The New York Times Элен Бары, якая ў сваю чаргу спасылаецца на прадстаўніцу Human Rights Watch Таццяну Локшыну. Тая прысутнічала на сустрэчы з амерыканцам у маскоўскім аэрапорце Шарамецьева.
Паводле яе словаў, былы супрацоўнік ЦРУ Эдвард Сноўдэн патлумачыў, што яго асабістая бяспека цяпер можа быць захаваная толькі ў тым выпадку, калі ён часова застанецца ў Расіі, таму ён і звярнуўся да расійскіх уладаў. Хоць урэшце ён плануе пасяліцца ў Лацінскай Амерыцы.
Апроч таго, Сноўдэн цяпер фактычна пазбаўлены магчымасці перасоўвацца на свеце: ягоны пашпарт ануляваны. Таму ён і просіць часовага прытулку ў Расіі.
Эдварда Сноўдэна шукаюць амерыканскія ўлады за раскрыццё інфармацыі пра сакрэтныя праграмы электроннага сачэння за амерыканцамі і замежнікамі па ўсім свеце. За гэта яму пагражае вялікі турэмны тэрмін. З 23 чэрвеня амерыканец знаходзіцца ў транзітнай зоне аэрапорту Шарамецьева, куды ён прыляцеў з Ганконгу, паведамляе Lenta.ru