Спецслужбы ЗША сачылі за людзьмі праз онлайн-гульні
Амерыканскае агенцтва нацыянальнай бяспекі (АНБ) выкарыстоўвала для сачэння адны з найбуйнейшых гульняў — World of Warcraft і Second Life.
Пра гэта напісала газета The Guardian, спаслаўшыся на дакументы экс-агента ЦРУ Эдварда Сноўдэна. Па інфармацыі выдання, спецслужбы стварылі ў гульнях уласных віртуальных персанажаў, і ад іх імя кантактавалі з іншымі гульцамі. Такім чынам спецслужбы вызначалі, хто з карыстальнікаў найбольш тэхнічна граматны. Пазней іх збіраліся завербаваць для працы на АНБ, адзначае РБК.
Ідэя вербаваць выведнікаў праз гульні з'явілася не выпадкова. У АНБ палічылі, што патэнцыйныя тэрарысты маглі хавацца пад выглядам гульнявых персанажаў і ладзіць там свае закрытыя нарады.
Акрамя таго, сцвярджае Сноўдэн, гульні маглі выкарыстоўвацца для каардынацыі хакерскіх нападаў, геалакацыі, збору інфармацыі, абмену звесткамі. Прадстаўнікі АНБ пакуль адмовіліся каментаваць інфармацыю.
Фота — zn.ua