Spiegel: Чарнобыль — як Пампеі, там адчуваеш сваю смяротнасць
Што піша еўрапейская прэса ў 30-ю гадавіну катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Брытанская газета The Guardian публікуе артыкул, дзе згадвае якім было 26 красавіка 1986 года для жыхароў тых месцаў. Выданне прыводзіць словы былога ліквідатара Мікалая Чарняўскага, які распавядае, што падняўся на дах шматпавярховіка са сваім сынам. Той вельмі прасіў даць яму ўбачыць аварыю на ўласныя вочы.
“Мой сын казаў: “Тата, тата, я таксама хачу паглядзець”. Цяпер ён мусіць насіць акуляры, і я адчуваю, што вінаваты ў гэтым, бо тады дазволіў яму паглядзець”.
Напярэдадні гадавіны некаторыя жыхары горада Прыпяць, што месціцца ля атамнай станцыі, вярталіся ў сваё былое жыллё. Зоя Перавозчанка кажа выданню:
“Я з цяжкасцю знайшла сваю кватэру. У сэнсе цяпер гэта лес — дрэвы растуць на ходніках, на дахах. Пакоі пустыя, у вокнах няма шыбаў, усё разбурана”.
Да памятнай даты нямецкае выданне Spiegel публікуе рэпартаж з экскурсіі па закінутым горадзе Прыпяць, якая ладзілася для замежнікаў.
“Тут і дагэтуль шмат небяспечных месцаў. Некалькі крокаў убок — і лічыльнік Гейгера падае сігнал трывогі. Зямля, мох, трава, лістота часта больш забруджаныя, чым усё астатняе. Гукі датчыка радыяцыі выклікаюць розныя хваравітыя думкі: Як было жыць тут і ў гэтым месцы памерці? Гэта можна назваць эфектам Пампеі, калі ты адчуваеш сваю смяротнасць там, дзе жыццё раптоўна спыняецца ў выніку вялікай трагедыі”.
Літоўскі партал DELFI бярэ інтэрв’ю ў літоўскага ліквідатара Антанаса Турчынаса, ён прыехаў на АЭС восенню:
“Маё першае ўражанне ад зоны — мёртвая прырода. У верасні мы не ўбачылі ні сабак, ні катоў. Рэдка якая-небудзь птушка пралятала. Можна сказаць, мёртвая зямля. Я думаў, можа, жывёлы, адчуваючы бяду, самі адтуль сышлі? Выбух адбыўся ў канцы красавіка, калі палі ўжо былі засеяныя. У верасні мы ўбачылі збожжавыя памерам з кукурузу. Ячмень і жыта былі вельмі высокімі, яблыкі вялікія, прыгожыя, з чырвонымі бакамі. Працоўныя спрабавалі іх есці, хоць мы і казалі ім, што нельга, тлумачылі, каб яны нічога не каштавалі, не чапалі, але чалавек ёсць чалавек. Многія мае знаёмыя памерлі. Паводле неўдакладненых дадзеных, толькі з тых, хто прыехаў з Літвы, 2500 ужо няма”, — кажа былы ліквідатар.
Іспанская El PAÍS распавядае, якія краіны больш за ўсё пацярпелі ад катастрофы. Вось што піша журналістка выдання пра Беларусь:
“У Беларусі на забруджанай тэрыторыі жыве 12% насельніцтва. Тым не менш, відаць, менавіта гэтая краіна лепш за ўсё спраўляецца з наступствамі катастрофы. Цяпер там будуецца новая АЭС па расійскай тэхналогіі і аднаўляецца сельскагаспадарчая вытворчасць у забруджанай зоне”.
Выданне таксама прыводзіць словы міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея пра тое, што цяпер галоўная задача краіны — аднавіць забруджаныя землі для вытворчасці прадукцыі, прыдатнай для спажывання.
Польская газета Rzeczpospolita ў сувязі з угодкамі катастрофы згадвае, што свет паступова пачаў забываць пра гэтую трагедыю. Але і сёння па-над АЭС не спыняецца будоўля новага саркафагу. Яна мусіць завершыцца ў лістападзе 2017 года. Цяпер там працуе каля 1000 чалавек, з якіх 80% — украінцы, рэшта — прадстаўнікі іншых 20 краін.
Галоўны інжынер будоўлі Уладзімір Каштанаў распавядае выданню, што стары саркафаг быў разлічаны на 20 гадоў. У 2008 годзе яму ўмацавалі дах і цэнтральную частку, што працягнула яго тэрмін дзеяння да 2025 года. Новы саркафаг будзе разлічаны на 100 гадоў. Унутры яго 4 энергаблок будзе цалкам разабраны, але рабіць гэта будуць ужо не людзі, а робататэхніка.
Пасля катастрофы на ЧАЭС разам з ападкамі вялікая колькасць радыяцыі трапіла на тэрыторыі розных краін Еўропы. Большасць — на землі Беларусі, Расіі, Украіны. “Плямы” з цэзіем-137 ёсць у Фінляндыі, Швецыі, Нарвегіі, Малдове, Румыніі, Грэцыі, Аўстрыі, Харватыі, Славеніі, Германіі, Італіі, Вялікабрытаніі.