Спіс ураджэнцаў Беларусі, якія ў 2014-2016 гадах загінулі ў баях за Украіну

Спіс ураджэнцаў Беларусі, якія ў 2014-2016 гадах загінулі ў баях за Украіну

З'явіўся спіс ураджэнцаў Беларусі, якія ў 2014-2016 гадах загінулі ў баях за Украіну. Іх прозвішчы трапілі ў электронную "Кнігу памяці", якая была створана пры падтрымцы Нацыянальнага вайскова-гістарычнага музею Украіны. У ёй згадваецца 3885 чалавек — вайскоўцаў і добраахвотнікаў, якія загінулі ў зоне правядзення Антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе. У базу ўключаныя і "небаявыя страты", інфармуе Радыё Свабода.

У "Кнізе памяці" загінулых за Украіну ёсць 8 чалавек, якія нарадзіліся ў Беларусі.

Аляксандр Будзько з Гомеля. Загінуў 17 лістапада 2014-га каля Дэбальцава ў Данецкай вбласці. Пахаваны ў Чарнігаве.

Алег Вярэніч з Лунінца, меў псеўданім "Лешы". Загінуў 9 верасня 2016 года пад Мар'інкай ў Данецкай вобласці, пахаваны ў вёсцы Новая Парафіеўка ў Харкаўскай вобласці.

Васіль Ганчарэнка з Навагрудка, псеўданім "Вагон". Памёр 31 жніўня 2014-га "ў выніку захворвання і фальшывага дыягназу", пахаваны ў Белай Царкве ў Кіеўскай вобласці.

Дзмітрый Казачонак з вёскі Засценкі Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці. Загінуў каля Луганскага ў Арцёмаўскім раёне Данецкай вобласці 7 траўня 2015-га, пахаваны ў вёсцы Куразваны Гашчанскага раёна Ровенскай вобласці.

Алег Падароўскі з Брэста, псеўданімы "Сняжок", "Анубіс". Памёр 3 лістапада 2016 года, прычынай названае цяжкае захворванне. Пахаваны ў Дняпры (былы Днепрапятроўск).

Юрый Сокалачка з вёскі Ластаўкі Кобрынскага раёна. Загінуў 28 верасня 2014-га, быў сярод абаронцаў Данецкага аэрапорта. Пахавалі яго ў Закарпацкай вобласці.

Ігар Туркоў з Наваполацка, псеўданім "Партызан". Загінуў 12 лютага 2015 года каля вёскі Логвінава на трасе Дэбальцава — Арцёмаўск у Данецкай вобласці. Пахаваны ў Дняпры.

Алесь Чаркашын з Брэста, псеўданім "Тарас". Памёр 28 жніўня 2015 года ад раненняў, якія ён атрымаў каля Белай Камянкі ў Данецкай вобласці. Пахаваны ў Брэсцкім раёне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі