Спрашчэнне візавага рэжыму паміж ЕС і Беларуссю могуць падпісаць да канца года
Да канца 2018 года можа быць падпісанае пагадненне аб аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Еўрасаюзам і Беларуссю. Пра гэта заявіла кіраўніца прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза Андрэа Віктарын, перадае БЕЛТА.
Па яе словах, да канца года плануецца падпісаць і пагадненне аб рэадмісіі.
Перамовы пра гэтыя дакументы вядуцца паміж Беларуссю і ЕС са студзеня 2014 года.
Сёлета Еўрасаюз заявіў пра запланаванае павышэнне кошту шэнгенскіх візаў — з 60 да 80 еўра. Разам з тым еўракамісар па еўрапейскай палітыцы суседства і перамоў аб пашырэнні ЕС Ёханэс Хан, калі наведваў Мінск у чэрвені 2018 года, заявіў, што ЕС і Еўракамісія не зацікаўленыя ў прыбытках ад падаражання візаў. Па яго словах, для ЕС важней забяспечыць хуткую выдачу візаў, а не зарабляць на гэтым грошы.