Справа журналістак Андрэевай і Чульцовай паступіла ў Фрунзенскі суд Мінска
У суд Фрунзенскага раёна Мінска паступіла крымінальная справа журналістак "Белсата" Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) і Дар'і Чульцовай.
"12 студзеня 2021 года ў суд Фрунзенскага раёна Мінска паступіла крымінальная справа па абвінавачванні Бахвалавай Кацярыны Андрэеўны і Чульцовой Дар'і Дзмітрыеўны, абвінавачаных у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 342 КК", — напісала ў Фэйсбуку памочніца старшыні Мінгарсуда Надзея Антонік.
Андрэеву і Чульцову затрымалі 15 лістапада, калі яны вялі стрым з "Плошчы Перамен", дзе сілавікі разганялі пратэстоўцаў. Дзяўчаты былі ў кватэры, куды ўварваліся сілавікі. Абедзвюх вінавацяць па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Абедзве журналісткі знаходзяцца пад вартай. Праваабаронцы прызналі іх палітзняволенымі.
Вядомыя журналісты падавалі хадайніцтвы пра вызваленне Андрэевай з-пад варты пад даручальніцтва, але Следчы камітэт адмовіў ім.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.