Справу на беларуса, абвінавачанага ў злачынствах у Бучы, не закрылі

Сяргей Калацэй / кадр з відэа АНТ
Сяргей Калацэй / кадр з відэа АНТ

Украінская паліцыя не закрыла справу на беларуса Сяргея Калацэя, якога вінавацяць у ваенных злачынствах у Бучы. Яго абвясцілі ў вышук у сувязі з тым, што ён хаваецца ад следства. Пра гэта паведамляе Радыё "Свабода" са спасылкай на галоўнае ўпраўленне Нацыянальнай паліцыі Украіны ў Кіеўскай вобласці.

"Паведамляем, што следчы аддзел Бучанскага ўпраўлення паліцыі ў Кіеўскай вобласці ажыццяўляў дасудовае расследаванне ў асобным крымінальным вядзенні паводле прыкмет крымінальных правапарушэнняў, прадугледжаных ч. 1 і ч. 2 артыкула 438 (парушэнне законаў і звычаяў вайны) Крымінальнага кодэксу Украіны, падчас якога падазраванага ўраджэнца Рэспублікі Беларусь абвясцілі ў вышук у сувязі з тым, што ён хаваецца ад следства", — гаворыцца ў адказе, які "Свабода" атрымала на свой афіцыйны запыт.

Варта заўважыць, што Калацэя ў гэтым адказе называюць не беларускім грамадзянінам, а менавіта ўраджэнцам Беларусі. Ва Украіне лічаць яго грамадзянінам Расіі.

У той жа час паліцыя Кіеўскай вобласці адмовілася адказаць на пытанне, чым завяршылася паўторная праверка факту службы Сяргея Калацэя ў расійскім войску. У паліцыі заявілі, што закон забараняе раскрываць звесткі дасудовага следства без дазволу следчага ці пракурора.

Справу на Сяргея Калацэя пачалі ў красавіку 2022 года. Жыхара Мазыра апазналі на відэа з мясцовага аддзялення СДЭК, дзе ён пакаваў пасылку для адпраўлення. Іншымі прысутнымі на відэа былі расійскія салдаты, якія адсылалі дадому рэчы, нгарабаваныя ва Украіне.

Украінскае следства сцвярджае, што 18 сакавіка 2022 года на мяжы вуліц Назарыя Ярамчука і Яблунскай у горадзе Буча Кіеўскай вобласці Сяргей Калацэй застрэліў па чарзе чатырох грамадзян Украіны. Сам Калацэй заяўляе, што гэта памылка і што ён апошнім часам не пакідаў Беларусь. 
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі