Справу палітвязня Анатоля Латушкі перадалі ў суд
Пракуратура Цэнтральнага раёна Мінска накіравала ў суд крымінальную справу ўдзельнікаў пратэснага руху Анатоля Латушкі, Алены Маліноўскай і Ліліі Ананян, паведамляюць праваабаронцы. Іх абвінавачваюць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу: "хуліганства", "перашкода ажыццяўленню права на ўдзел у рэферэндуме, працы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, камісій па рэферэндуме" і "здзек з дзяржаўных сімвалаў". Хтосьці з трох абвінавачваецца таксама ў "распаўсюдзе асабістай інфармацыі ва ўлётках" і "удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак".
Пра затрыманне пратэстоўцаў стала вядома 31 студзеня. У Латушкі (пры затрыманні яго збілі), Ананян і Маліноўскай прайшлі ператрусы. Сцвярджалася, што яны малявалі па трафарэце герб "Пагоня" на паштовых скрынях у пад'ездах жылога дома. Паводле звестак сілавікоў, яны пашкодзілі банеры з выявай міліцыянераў і спалілі дзяржаўны сцяг.
Анатоль Латушка — стрыечны брат Паўла Латушкі, былога міністра культуры, а цяпер — кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета па транзіце ўлады, які жыве ў Варшаве. На дачку Паўла Латушкі Яну (яна таксама жыве за мяжой) ў Беларусі распачалі крымінальную справу, яе кватэру арыштавалі.
Анатоль Латушка прызнаны палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.