Стала вядома, чаму рэстаран каля Курапатаў не знеслі ў 2012 годзе

Стала вядома, чаму рэстаран каля Курапатаў не знеслі ў 2012 годзе

Напрыканцы 2012 года Генпракуратура прызнала незаконным будаўніцтва забаўляльнага комплексу каля Курапатаў. Аднак і праз пяць з паловай гадоў комплекс застаўся на сваім месцы. Радыё "Свабода" паспрабавала разабрацца, як так атрымалася. 

27 лістапада 2012 года намеснік генпракурора Мікалай Кукліс звярнуўся да старшыні Мінаблвыканкаму з афіцыйным дакументам, дзе будаўніцтва рэстарана прызнавалася незаконным. У дакуменце гаварылася, што кампанія "БелРэстІнвест" вядзе будоўлю з парушэннем артыкула 37 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны", не мае дазволаў Міністэрства культуры на правядзенне работ і ўзгодненай дакументацыі. Акрамя таго, камітэт па архітэктуры і будаўніцтве Мінаблвыканкаму не даваў заключэнняў па эскізным і архітэктурным праекце, а толькі ўзгадніў генеральны план будоўлі. Чатыры модульныя дамкі і дзіцячая пляцоўка забаўляльнага комплексу былі пастаўленыя ў ахоўнай зоне гісторыка-культурнай каштоўнасці. Іх будаўніцтва было названае самавольным. 

Камітэту па архітэктуры Мінаблвыканкаму і Мінскага райвыканкаму прапаноўвалася: "Пры наяўнасці падставаў адклікаць выдадзенае "БелРэстІнвест" архітэктурна-планіровачнае заданне, пра што праінфармаваць інспекцыю Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам па Мінскай вобласці..." 

Генпракуратура прапануе "вырашыць пытанне ўзведзеных пабудоваў" і разгледзець пытанне аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці галоўнага архітэктара Мінскай вобласці А.Валовіча, кіраўніка ўпраўлення культуры Мінаблвыканкаму А.Акушэвіча, кіраўнікоў аддзелаў архітэктуры і культуры Мінскага райвыканкаму В.Драздова і С.Кудзіна.

Адказ Мінаблвыканкаму ў Генпракуратуру прыйшоў 5 студзеня 2013 года. У ім гаворыцца, што 27 снежня 2012 года прадстаўнікі Генпракуратуры, Мінкульту, Мінаблвыканкама і Мінрайвыканкама правялі нараду. На ёй вырашылі распрацаваць праект дэталёвага планавання тэрыторыі, якая адносіцца да гісторыка-культурнай каштоўнасці, і вызначыць дакладныя межы гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе ахоўных зонаў. 

Як кажа намеснік кіраўніка аддзелу інфармацыі Генпракуратуры Дзмітрый Брылёў, кампанія "БелРэстІнвэст" пагадзілася прафінансаваць праектныя працы. За самавольную пабудову забудоўшчыка прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці. Ці былі неяк пакараныя чыноўнікі, згаданыя Генпракуратурай, звестак няма.

У адказе Мінаблвыканкама таксама не гаворыцца, на якую суму быў аштрафаваны забудоўшчык "БелРэстІнвэст". 

Паводле пастановы Мінкульта ад 1 снежня 2014 года зоны аховы вакол Курапатаў былі змененыя так, што самавольныя пабудовы рэстарана сталі цалкам легальнымі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі