Стала вядома, пераможцы якіх алімпіядаў змогуць паступаць у ВНУ без ЦТ

Стала вядома, пераможцы якіх алімпіядаў змогуць паступаць у ВНУ без ЦТ

Міністэрства адукацыі вызначыла, пераможцы якіх алімпіяд змогуць паступаць у ВНУ без здачы цэнтралізаванага тэставання (ЦТ). Іх спіс апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Гэта 11 міжнародных алімпіядаў. У іх ліку — 59-я Міжнародная матэматычная алімпіяда (2018 год, Румынія), 52-я Міжнародная Мендзялееўская алімпіяда школьнікаў па хіміі (2018 год, Рэспубліка Беларусь), 49-я Міжнародная фізічная алімпіяда (2018 год, Партугальская Рэспубліка), 15-я Міжнародная геаграфічная алімпіяда (2018 год, Канада), 12-я Міжнародная алімпіяда па навуках аб Зямлі (2018 год, Каралеўства Таіланд), Алімпіяда школьнікаў Саюзнай дзяржавы па рускай мове і рускай літаратуры "Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць" (2017 год, Рэспубліка Беларусь) ды інш.

Акрамя таго, без здачы ЦТ паступаць у ВНУ на найбольш запатрабаваныя спецыяльнасці змогуць пераможцы (уладальнікі дыпломаў I, II, III ступені) рэспубліканскай алімпіяды па наступных прадметах: беларуская мова, беларуская літаратура, руская мова, руская літаратура, англійская, нямецкая, французская, кітайская, іспанская мовы, матэматыка, фізіка, астраномія, інфарматыка, біялогія, хімія, геаграфія, гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя (найноўшы час), грамадазнаўства, працоўнае навучанне.

Сёлета ўпершыню на спецыяльнасці, запатрабаваныя эканомікай, змогуць паступаць без ЦТ медалісты і пераможцы алімпіяд па вучэбных прадметах, якія трэба здаць пры паступленні, нагадвае tut.by. У Мінадукацыі ўпэўненыя, што такая мера дазволіць весці падрыхтоўку кадраў па тых спецыяльнасцях, дзе ёсць высокі попыт з боку працадаўцы, але невысокі — з боку абітурыентаў.

Аднак чыноўнікі Мінадукацыі параілі такім абітурыентам усё ж здаць ЦТ, каб падстрахавацца, калі ўзнікне канкурэнтная сітуацыя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі