Стала вядома, як будзе выглядаць надмагільны помнік пісьменніку Змітраку Бядулю
Так будзе выглядаць будучы помнік / АНТ
Стала вядома, як будзе выглядаць надмагільны помнік пісьменніку Змітраку Бядулю, які ўсталююць на Усходніх могілках Мінска. Эскіз распрацаваны вядомым беларускім скульптарам Сяргеем Гумілеўскім. Яго паказалі ў рэпартажы тэлеканала АНТ.
Асновай стала асіметрычная гранітная пліта, якая нагадвае ніву пад ветрам. На ёй — рэльефная бронзавая выява Змітрака Бядулі. Дарожку каля помніка зробяць з брукаванкі, як сімвала складанага жыццёвага шляху пісьменніка.
Нядаўна Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры зноў адкрыў збор грошай на надмагільны помнік пісьменніку-нашаніўцу Змітраку Бядулю (сапраўднае імя Самуіл Плаўнік, 1886 — 1941) — неабходна сабраць 12500 рублёў. У лістападзе 2020 года на Усходніх могілках Мінска адбылося перапахаванне яго парэшткаў, прывезеных з Казахстана.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.