Стала вядома, як выглядае Суджа, якую кантралююць УСУ
Суджа пад кантролем УСУ
Горад Суджа ў Курскай вобласці перайшоў пад кантроль УСУ. Журналісты hromadske.ua наведалі Суджу і паглядзелі, як яна выглядае.
Па вуліцах перамяшчаюцца асобныя мясцовыя жыхары. Людзі скардзяцца, што расійскія ўлады кінулі іх, не патурбаваўшыся пра эвакуацыю. Асаблівых разбурэнняў у горадзе няма.
Гарсавет, пошта і Дом культуры пакінутыя падчас расійскага адступлення. Супермаркет папулярнай расійскай сеткі не працуе.
14 жніўня ўкраінскія вайскоўцы прывезлі ў горад гуманітарную дапамогу.
Міністр па пытаннях рэінтэграцыі Ірына Верашчук на нарадзе ў Зяленскага 14 жніўня паведаміла, што Украіна дапусціць міжнародныя гуманітарныя арганізацыі ў раёны Курскай вобласці, якія знаходзяцца пад кантролем УСУ. Таксама Верашчук анансавала стварэнне гуманітарных калідораў для жыхароў Курскай вобласці — як у бок Расіі, так і Украіны.
Раней прадстаўнік МЗС Украіны Георгій Ціхі паведамляў, што Украіна не плануе анэксаваць тэрыторыі Курскай вобласці РФ. Украінцы зацікаўленыя ў тым, каб ачысціць іх ад расійскага кантынгенту, які абстрэльвае ўкраінскія землі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.