Стала вядома, якія віды дзейнасці хочуць пакінуць для ІП
Будаўнік, ілюстрацыйнае фота
На грамадскае абмеркаванне вынесены праект пераліку відаў дзейнасці, дазволеных для індывідуальных прадпрымальнікаў. Яго падрыхтавала Міністэрства эканомікі. Абмеркаванне працягнецца да 25 траўня.
Змены ў законы аб прадпрымальніцкай дзейнасці набудуць моц 1 ліпеня. Ад 1 кастрычніка рэгістрацыя ІП па відах, якія не трапілі ў пералік, будзе спыненая, а прадпрымальнікі, якія вядуць дзейнасць па такіх відах, да канца наступнага года мусяць перарэгістравацца ў якасці юрыдычнай асобы.
У будаўніцтве іпэшнікам хочуць дазволіць розныя віды дзейнасці — электрамантажныя работы, санітарна-тэхнічныя, сталярныя ды іншыя. У сельскай гаспадарцы ім будуць даступныя вырошчванне збожжа, гародніны і лесанарыхтоўка. У апрацоўчай прамысловасці — выпуск хлебабулачных вырабаў, рамонт абсталявання, вытворчасць адзення, галаўных убораў і мэблі.
Плануецца таксама дазволіць іпэшнікам раздробны гандаль (але не аптовы!), тэхнічнае абслугоўванне і рамонт аўтамабіляў, паслугі па грамадскім харчаванні, дзейнасць у галіне перавозак, здачу нерухомасці, рамонт камп'ютараў, рэкламную дзейнасць, здачу жылля на кароткія тэрміны, выраб відэакантэнту, распрацоўку праграмнага забеспячэння ды інш.
Таксама Мінэканомікі склала спіс відаў дзейнасці для самазанятых — у ім 78 пазіцый. Рамеснікам плануецца дазволіць рабіць і рамантаваць разнастайныя вырабы з дрэва, каменя, косці, рогу, металу, бляхі, шкла, керамікі, фанеры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.