Сталі вядомыя ўмовы атрымання Беларуссю наступных траншаў крэдыту ЕФСР

Сталі вядомыя ўмовы атрымання Беларуссю наступных траншаў крэдыту ЕФСР

Сталі вядомыя ўмовы атрымання Беларуссю наступных траншаў крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця. Напярэдадні з'явілася інфармацыя пра атрыманне Мінфінам нашай краіны трэцяга траншу ў памеры 300 млн долараў. Крэдыт на падтрымку праграмы рэформаў агулам складае 2 млрд долараў, яго наша краіна мусіць атрымаць 7 траншамі. На сённяшні дзень атрыманыя 3 траншы — 1,1 млрд долараў.

Умовы атрымання наступных траншаў змешчаныя на сайце Еўразійскага банку развіцця. Адзначаецца, што ад беларускага боку ад пачатку патрабавалі павысіць эфектыўнасць кіравання дзяржпрадпрыемствамі. Сярод умоваў атрымання пятага, шостага і сёмага траншу крэдыту называецца ўдасканаленне метадаў карпаратыўнага кіравання ў 17 акцыянерных таварыствах, перадача ў камунальную ўласнасць не менш за 45 дзяржпрадпрыемстваў, продаж дзяржаўнай долі акцый асобных акцыянерных таварыстваў на біржы. Шосты транш наша краіна атрымае, калі будуць распрацаваны і пачнуць дзейнічаць механізмы сацыяльнай абароны, якія прадугледжваюць прафесійнае перанавучанне работнікаў, якія страцяць працу, і іх далейшае працаўладкаванне. Таксама згадваецца павышэнне дапамог па беспрацоўі да бюджэту пражытковага мінімуму.

Сярод умоваў атрымання сёмага траншу — заканадаўчае зацверджанне парадку прыняцця мясцовымі органамі ўлады рашэнняў пра перадачу ў даверчае кіраванне камунальных прадпрыемстваў. Гэта мусіць быць дадатковы механізм аздараўлення фінансава няўстойлівых дзяржпрадпрыемстваў пераважна сельскагаспадарчага прызначэння. Больш падрабязна гл. тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі