Старшыня канцэрна "Беллегпрам" расказала пра праблемы з кітайскімі банкамі
На льнокамбінаце чакаюць машыны з КНР
Старшыня канцэрна "Беллегпрам" Таццяна Лугіна расказала пра праблемы з кітайскімі банкамі. Аршанскі льнокамбінат збіраецца набыць за мяжой 20 прадзільных машын за 10 мільёнаў долараў для перапрацоўкі кароткага льновалакна і хоча падстрахавацца.
"Мы б хацелі працаваць па форме акрэдытыва, калі ў кітайскіх банках Аршанскі льнокамбінат афармляе акрэдытыўную форму захавання грашовых сродкаў і акрэдытыў адкрываецца, калі абсталяванне прыходзіць і ўсталёўваецца непасрэдна на вытворчасці, — цытуе словы старшыні "Беллегпрама" БЕЛТА. — З чым мы сутыкнуліся? На сённяшні дзень ні адзін кітайскі банк не быў гатовы пад Аршанскі льнокамбінат адкрываць акрэдытыў. Такое пытанне мы паднялі і папрасілі дапамагчы нам разабрацца. Паколькі грашовыя сродкі немалыя, 80% перадаплаты хочуць нашы партнёры".
Гэтую праблему Таццяна Лугіна спрабавала вырашыць падчас нядаўняга візіту ў Кітай (разам са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.