Старшыня райвыканкама: Нават майму сыну прыйшоў “ліст шчасця” пра дармаедства

Старшыня райвыканкама: Нават майму сыну прыйшоў “ліст шчасця” пра дармаедства

Анатоль Ярмоленка, народны артыст Беларусі і лідар ансамбля "Сябры" лічыць, што раз Дэкрэт №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" выклікае хваляванні беларусаў і акцыі пратэсту, яго неабходна дарабіць альбо нават адмяніць:

"Гэта ва ўсе часы было: тых, хто не працуе, заўважаюць і вядуць нейкую барацьбу. Але мне падаецца, што ў дадзеным выпадку не ўсё дароблена, не ўсё абдумана, і калі гэта выклікае такі настрой у масаў, тут трэба перагледзець гэтыя рашэнні. Мы ж ведаем, як гэта робіцца: далі каманду, і чыноўнікі на месцах стараюцца быць першымі і больш сабраць гэтых падаткаў. Таму тут трэба ўсё разгледзець, растлумачыць, супакоіць народ, калі патрэбна, нават можна і адмяніць гэты падатак".

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец мяркуе, што калі ёсць незадаволеныя Дэкрэтам №3, трэба разабрацца ў прычынах гэтай незадаволенасці:

"Я лічу, што трэба падумаць кіраўніцтву і ўраду ў першую чаргу — калі ёсць незадаволеныя, значыць, трэба разабрацца, у чым гэтая незадаволенасць і чаму яна ўзнікла. Варта даведацца і рэагаваць, калі сапраўды людзі маюць рацыю. У нас ёсць і сапраўдныя дармаеды, якія ўсё жыццё не працуюць, нічога не робяць, а народнае спажываюць. Трэба спакойна разабрацца, без ляманту, без шуму і зрабіць высновы".

Сыну старшыні Кобрынскага райвыканкама Аляксандра Зазулі таксама прыйшоў ліст з падатковай інспекцыі: той у 2015 годзе вучыўся ва ўніверсітэце, але яго чамусьці палічылі дармаедам. Пытанне вырашылі, але чыноўнік прызнае, што сваім дэкрэтам улады пэўнае напружанне ў грамадстве стварылі і можна было спрацаваць больш “кропкава”. Але адмяняць яго старшыня райвыканкама лічыць немэтазгодным. Раіць палітыкам не рабіць сабе піяр на дармаедскай тэме

“На жаль, людзі, якія не павінныя быць у гэтай тэме, вымушаныя прыходзіць і паказваць, што мы не такія, мы не дармаеды. Проста былі ў жыцці розныя сітуацыі. І таму я кажу сваім камісіям: “Лепш мы недавызначымся з тым, хто абавязаны плаціць і вызвалім чалавека, чым перагнем палку і абавяжам таго, хто на самай справе плаціць не павінен. Усё гэта нармальна, для гэтых дзеянняў патрэбны час. Я сваіх кабрынчанаў папрасіў набрацца цярпення і разбяромся ва ўсім. Той хто павінен, заплаціць, хто хоча схавацца — мы пастараемся цывілізавана сустрэцца і даказаць, што нічога тут страшнага няма і трэба плаціць. А тыя, хто сёння атрымаў позвы, але не павінен плаціць, — мы іх вызвалім. Прынамсі за Кобрын я адказваю — мы справімся”, — кажа Аляксандр Зазуля.

Раіць нічога не рабіць з Дэкрэтам №3 і дэпутат парламента Валерый Барадзеня.

Валерый Барадзеня: “Неабходна плаціць падаткі і неабходна любую дзейнасць узаконьваць. Калі ты недзе зарабляеш, то праблемы ж няма падаць 1 сакавіка дэкларацыю і заплаціць 13% ад свайго прыбытку. Але ж людзі не прывыклі да гэтага! І таму гэты дэкрэт — яшчэ адзін крок да больш цывілізаваных адносінаў у краіне. Таму я лічу, што нічога з дэкрэтам рабіць не трэба: паўгода пачакаць, прааналізаваць усе тыя звароты, якія цяпер у выканкам ідуць па гэтым антыдармаедскім дэкрэце, а потым рашыць спакойна, з халодным розумам, што з гэтым рабіць”.

На думку дэпутата, тых, хто сапраўды трапляе пад дзеянне Дэкрэта №3, на самай справе не 400 ці больш тысяч, а ўсяго 50-70 тысяч чалавек, трэба проста іх вызначыць. Тады і сацыяльнае напружанне ў грамадстве знікне.

Дарэчы, сабраных грошай ужо хопіць, каб утрымліваць Нацыянальны сход і Канстытуцыйны суд у 2017 годзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі