Статкевіч заявіў, што наступную акцыю правядзе ў Мінску 10 кастрычніка
23 верасня на мінскай плошчы Свабоды прайшла вулічная акцыя, арганізаваная экс-палітвязнем Мікалаем Статкевічам. Ён назваў яе "сустрэчай выбарцаў з Аляксандрам Лукашэнкам", але кіраўнік дзяржавы на яе прадказальна не з'явіўся.
Акрамя Статкевіча перад прысутнымі выступілі апазіцыйныя дзеячы Уладзімір Някляеў, Анатоль Лябедзька, Вячаслаў Сіўчык, які нядаўна вярнуўся з эміграцыі. Яны крытыкавалі палітыку Лукашэнкі, гаварылі пра планы стварэння ў Беларусі расійскай вайсковай базы і пра пагрозу для незалежнасці нашай краіны. Апазіцыйныя палітыкі заклікалі людзей запісвацца назіральнікамі на выбарах, каб фіксаваць магчымыя парушэнні.
Па розных ацэнках, у акцыі ўдзельнічалі ад 150 да 300 чалавек. Някляеў заклікаў прыходзіць 4 кастрычніка на плошчу Свабоды на акцыю супраць расійскай вайсковай базы. Статкевіч аб'явіў, што наступную сустрэчу правядзе на гэтай плошчы 10 кастрычніка.
На Мікалая Статкевіча і Уладзіміра Някляева міліцыянер склаў адміністрацыйныя пратаколы аб правядзенні несанкцыянаванай акцыі.
Онлайн з акцыі гл. тут.
Фота з твітара.