Структура ААН заклікала Мінск не падвяргаць рызыцы жыццё мігрантаў

Мігранты на беларуска-польскай мяжы​ / БЕЛТА
Мігранты на беларуска-польскай мяжы​ / БЕЛТА

Пазбягаць дзеянняў, якія могуць несці рызыкі для жыцця людзей — з такім заклікам звярнулася Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ) да афіцыйнага Мінска. Заява размешчана ў Twitter структуры.

Відэакадры з беларуска-польскай мяжы "выклікаюць глыбокую занепакоенасць", гаворыцца ў паведамленні УВКБ.

"Мы неаднаразова заяўлялі, што выкарыстанне бежанцаў і мігрантаў для дасягнення палітычных мэтаў з'яўляецца непрымальным. Цяпер настаў час дзейнічаць — мы заклікаем Беларусь пазбягаць рызыкі для жыцця", — падкрэслілі аўтары дакумента.

Заява стала рэакцыяй на ўчорашнія падзеі на беларуска-польскай мяжы, куды прыйшлі тысячы мігрантаў у надзеі трапіць на тэрыторыю Польшчы. Група мужчын паспрабавала пры дапамозе бярвення і кусачак прарваць металічную агароджу на мяжы, але польскі бок іх не прапусціў. Мігранты разбілі лагер у лесе ўздоўж мяжы.

Напярэдадні стала вядома, што ЕС гатовы паскорыцца з пашырэннем санкцый супраць Беларусі ў сувязі з сітуацыяй з мігрантамі. Аб гэтым заявіла кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляйен.

Пра намер працягнуць ціск на Аляксандра Лукашэнку заявілі і ЗША. У Вашынгтоне занепакоеныя паведамленнямі з беларуска-польскай мяжы. ЗША "рашуча асуджаюць" выкарыстанне мігрантаў уладамі Беларусі "ў палітычных мэтах", заявіў напярэдадні кіраўнік прэс-службы Дзярждэпартамента Злучаных Штатаў Нед Прайс.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі