Студэнты і супрацоўнікі МТЗ прайшлі маршам у -19°C

У час маршу студэнтаў і рабочых у Мінску / архіў​
У час маршу студэнтаў і рабочых у Мінску / архіў​

Незвычайны пратэставы марш прайшоў днямі ў Мінску. Студэнты некалькіх беларускіх ВНУ прагуляліся ад Экалагічнага інстытута імя Сахарава да Трактарнага завода, побач з якім да іх далучыліся рабочыя.

"Вечар, цёмна, на вуліцы -19, — расказвае Еўрарадыё адзін з удзельнікаў маршу. — Мы не адчувалі рук, пальцаў на нагах, было ўсё складана. Па дарозе бачылі шмат патрулёў і прыпаркаваных незразумелых бусаў. Але сустрэча была прыемная. Мы пасмяяліся, пажартавалі. Рабочыя — проста заі".  

У маршы прынялі ўдзел каля 30 чалавек. Асноўнай мэтай пратэсту было паказаць, што Усебеларускі народны сход — гэта не дыялог, а імітацыя дыялогу з апазіцыяй.

"Нам было важна аб'яднацца з рабочымі, таму што сярод іх ёсць тыя, хто гэтаксама, як і мы, супраць УНС, — працягвае наш суразмоўнік. — Бо гэта проста цырк, проста падман людзей. Нас лічаць за быдла, раз могуць такое ладзіць. Проста такая тусоўка для эліты, злёт бэрээсэмаўцаў".
 

Студэнты + рабочыя = пратэст

Па словах суразмоўніка Еўрарадыё, студэнты ўжо даўно аб'ядноўваюцца, прыдумляючы нейкія пратэставыя актыўнасці. І вось з'явілася ідэя: а ці не падключыць да акцый рабочых? Выбар прыпаў на МТЗ. Раней многія хлопцы і дзяўчаты спадзяваліся, што супрацоўнікі завода будуць актыўна ўдзельнічаць у стачцы. Праўда, ці то недастатковы ўзровень палітычнай культуры некаторых завадчан, ці то стомленасць і думкі пра будучую пенсію як быццам бы пагасілі пратэставыя настроі на заводзе.

У той жа час хлопец кажа, што на прадпрыемстве дагэтуль застаюцца людзі, якім неабыякавы лёс краіны. Яны гатовыя да новых пратэстаў. Паводле яго слоў, завод пастаянна патрулюецца: "Працуюць, як быццам за калючым дротам". Вось такіх хлопцаў студэнты і вырашылі падтрымаць.

Удзельнікі маршу абураюцца наконт нядаўняга зліву, дзе мужчына голасам, падобным да голасу намесніка міністра МУС Мікалая Карпянкова, кажа, што Лукашэнка заклікае страляць на паражэнне і заганяць пратэстоўцаў у лагеры для "асабліва востракапытных".

"Усе таксама абураныя, што нашым студэнтам-палітвязням падоўжылі меры стрымання ў СІЗА. Іх абсалютна беспадстаўна ўтрымліваюць у спартанскіх умовах. Да іх не даходзяць лісты, Яну Салановічу не перадаюць перадачы праз як быццам бы каранавірус, лістоў не прыносяць і ад яго не забіраюць. Мы нават не ведаем, жывы чалавек ці не. Вельмі хутка ў Арцёма Вінакурава будзе суд. Усё гэта нас вельмі моцна злуе. Мы не будзем усё гэта так проста праглынаць, не будзем з гэтым мірыцца", — кажа хлопец.  

Паводле яго слоў, удзельнічаць у акцыях студэнтам цяпер асабліва небяспечна, таму што ў многіх сесія. Дастаткова аднаго затрымання на некалькі сутак, пропуску некалькіх экзаменаў — і навучэнцаў могуць адлічыць нават не з палітычных прычын.

"У многіх ВНУ супрацоўнікі міліцыі прыходзяць да адміністрацыі і пытаюцца пра тых ці іншых студэнтаў. Таму, удзельнічаючы дзе-небудзь, хлопцы і дзяўчаты абавязкова носяць маскі, хаваюць твары, калі на відэа хтосьці відаць, стараемся замазваць. Улетку было інакш: усе думалі, пройдзе літаральна тры дні — і ўсё разваліцца, але свабода так проста не зарабляецца", — падсумоўвае хлопец.


Што адбываецца на МТЗ

Суразмоўнік Еўрарадыё называе марш студэнтаў і рабочых сімвалічным крокам збору ўсіх разам, "каб сагрэцца і захаваць цяпло". Па яго словах, падобныя акцыі — толькі вяршыня айсберга. У студэнцкіх тэлеграм-каналах бурліць арганізацыйная работа: і хоць звонку яе вынікі могуць быць пакуль незаўважныя, хутка яна прынясе свой плён.

А што завадчане?

Студенты и сотрудники МТЗ прошли маршем в -19°C

"Рабочыя цяпер актыўна не бастуюць, але выказваюць сваю пазіцыю ўсімі даступнымі спосабамі, — расказвае Еўрарадыё старшыня незалежнага прафкама МТЗ Міхаіл Громаў. — Супрацоўнікі завода пачынаюць вывучаць і разумець свае правы, а таксама тое, што ў іх ёсць законныя метады патрабаваць выканання гэтых правоў ад наймальніка. Напрыклад, падымаецца шмат пытанняў, звязаных з умовамі працы. Асабліва гэта важна цяпер, зімой, калі ўнутры цэхаў тэмпература каля нуля".

Па словах суразмоўніка, для МТЗ гэта ўжо нешта, таму што раней многія праблемныя тэмы проста замоўчваліся. Міхаіл кажа, што кіраўніцтва сочыць за зменамі і з радасцю пазвальняла б усіх актывістаў. Але "хутка звальняць асабліва не будзе каго"

Што да сумеснай акцыі са студэнтамі, то рабочыя былі радыя далучыцца да маршу. Выйшла іх няшмат, бо побач з прахадной вісяць камеры і завадчане баяцца засвяціцца.

"Ва ўсім свеце студэнты — самыя актыўныя людзі, а рабочыя, наадварот, самыя неактыўныя, якіх вельмі цяжка падняць, — кажа Міхаіл. — Калі рабочыя выходзяць і пратэстуюць, выяўляючы сваю грамадзянскую пазіцыю, гэта вельмі крута. Калі робяць разам са студэнтамі — паказчык змен і кансалідацыі ў грамадстве. Будуць новыя акцыі, і, спадзяюся, да іх далучыцца больш рабочых. Людзі прачынаюцца пасля зімы. Бліжэй да вясны".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі