Стваральніцу Іўеўскага музея нацыянальных культур арыштавалі на 10 сутак
Рэгіна Лавор / фота з асабістага архіва
Стваральніцу і першага дырэктара Іўеўскага музея нацыянальных культур Рэгіну Лавор пакаралі 10 суткамі арышту, паведамляюць праваабаронцы. Падставай для чарговага пакарання зрабілася "парушэнне рэжыму адбыцця "хатняй хіміі".
Лавор знаходзіцца на "хатняй хіміі" з 1 снежня. Суд прызнаў яе вінаватай у абразе начальніка Іўеўскага РАУС і старшага інспектара. Яна пакінула пра іх каментары ў телеграм-каналах. Жанчыне прысудзілі два гады "хатняй хіміі".
Пасля абвяшчэння прысуду мясцовая міліцыя арганізавала за ёй пільны кантроль. Толькі за снежань да Рэгіны Лавор прыходзілі 23 праверкі.
"Адзін раз супрацоўнік Іўеўскага РАУС у гадзіну ночы вазіў мяне на медыцынскі агляд на наяўнасць у крыві алкаголю. Паказала 00 праміле. Шукаюць матывы, каб паздзекавацца і даць парушэнне", — расказала яна некалькі тыдняў таму.
Акрамя таго, яе мужа, які больш за 20 гадоў быў начальнікам Іўеўскага вузла сувязі ("Белтэлекам"), прымусілі перайсці на пасаду інжынера ў гэтай жа арганізацыі. А пазней пачалі і зусім патрабаваць, каб ён звольніўся.
Праваабаронцы прызналі Рэгіну Лавор палітзняволенай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.