Стыхія пакінула без электрычнасці 256 населеных пунктаў Беларусі

Вецер і дождж пакінулі сотні населеных пунктаў без святла, ілюстрацыйнае фота

Вецер і дождж пакінулі сотні населеных пунктаў без святла, ілюстрацыйнае фота / "Гомельэнерга"

За мінулыя суткі непагадзь парушала электразабеспячэнне ў 256 населеных пунктах, паведамляе Мінэнерга.

2 красавіка ў Беларусі прайшлі дажджы з навальніцамі і моцным ветрам, парывы якога дасягалі 20-24 метраў за секунду. Паведамляецца пра падзенне не толькі галін, але і дрэваў на лініі электраперадачы, пашкоджанне апор.

Пераважна без святла заставаліся жыхары Гомельскай і Мінскай абласцей. Больш за ўсё ад стыхіі пацярпелі Гомельскі, Светлагорскі, Мазырскі, Клімавіцкі раёны.

У ліквідацыі наступстваў непагадзі былі задзейнічаныя 86 аварыйных брыгад і 80 адзінак тэхнікі. Па стане на 6:30 3 красавіка аднаўленчыя работы працягваліся ў 30 населеных пунктах.

У Мінску некаторыя раёны засталіся без электрычнасці. Каля 22-й гадзіны блэкаўт напаткаў жыхароў Лошыцы па вуліцах Сыракомлі, Шпілеўскага і Ігуменскі тракт. Крыху пазней без электрычнасці засталіся некалькі дамоў на Партызанскім праспекце. Прычынай адключэння называюць пашкоджанне кабельнай лініі 10кВ. На працягу паўтары гадзіны непаладкі былі выпраўленыя.

У Гомелі адключылася лінія перадач каля Гомельскай ЦЭЦ-2, пакінуўшы без святла прыгарадны пасёлак Урыцкае. "Адключэнне суправаджалася выбліскамі святла, выкліканымі уздзеяннем электрычнай дугі, а таксама лакальным узгараннем расліннасці ў найбліжэйшай мясцовасці", — канстатуюць у "Гомельэнерга".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі