Сёння — суд па справе Андрэя Гайдукова. Ён будзе закрыты
Пра гэта адвакат паведаміў маці навапалачаніна, якога падазраюць у шпіянажы.
Вольга Гайдукова спадзявалася, што працэс будзе адкрытым. Маці меркавала, што нарэшце даведаецца пра сутнасць абвінавачання, бо не верыць у вінаватасць сына.
Цяпер Вольга Гайдукова нават не ведае, ці ехаць ёй заўтра ў Віцебск. У яе няма надзеі трапіць у суд, і застаецца толькі чакаць звестак ад адвакатаў, перадае Радыё "Свабода".
Пра тое, што працэс па "шпіёнскай справе" можа быць закрытым, заявіў старшыня КДБ Валерый Вакульчык. Вольга Гайдукова лічыць, што працэс павінен быць адкрыты, бо лічыць абвінавачанні ў шпіянажы бязглуздымі.
Суд над Андрэем Гайдуковым, абвінавачаным у "здрадзе дзяржаве шляхам агентурнай дзейнасці", прызначаны на 10 гадзін раніцы 12 чэрвеня ў Віцебскім абласным судзе.
23-гадовага аператара наваполацкага "Нафтана" арыштавалі 8 лістапада ў Віцебску. Паводле афіцыйнай інфармацыі КДБ, яго нібыта затрымалі падчас закладкі тайніка "са звесткамі, якія могуць цікавіць замежныя спецслужбы". За здраду дзяржаве Гайдукову пагражае ад 7 да 15 гадоў зняволення.
Апазіцыянеры і праваабаронцы прынялі зварот па справе Андрэя Гайдукова