“Да Алесіна магла трапіць сакрэтная інфармацыя, а ён яе распаўсюдзіў”

Журналіста і ваеннага аналітыка Аляксандра Алесіна, верагодна, затрымаў КДБ. Калегі журналіста не каментуюць гэтую інфармацыю, але і не адмаўляюць яе. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, журналіста газеты "Белорусы и рынок" магчыма падазраюць у шпіянажы, але невядома, на карысць якой краіны.

Пракаментаваць магчымае затрыманне Алесіна Еўраралыё папрасіла кіраўніка аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэя Паратнікова.

Еўрарадыё: Калі я правільна разумею, метад працы аналітыка наступны: ён бярэ інфармацыю з адкрытых крыніц, сістэматызуе яе, аналізуе і прыходзіць да нейкіх высноў, якімі дзеліцца ў сваіх публікацыях ці каментарыях журналістам.

Андрэй Паратнікоў: Тут ёсць адна праблема: інфармацыя можа быць здабытая з адкрытых крыніц, але пры гэтым яна застаецца сакрэтнай. На прыкладзе сітуацыі, у якую трапіў калісьці я, праілюструю. У рукі мне трапіўся адзін беларускі дакумент са статыстыкай, які быў узяты з афіцыйнага сайта расійскага дзяржоргана. Там у іх была нейкая сумесная канферэнцыя і яны як прыклад досведу краін СНД прыводзілі і гэты дакумент. І ўзніклі пытанні: “Вы разумееце, што гэта можа быць сакрэтная інфармацыя?” Карацей, нейкая інфармацыя можа быць сакрэтнай у нас, але яна не з’яўляецца сакрэтнай у Расіі. Але тут ёсць такі момант: усе злачынствы супраць дзяржавы, а Алесін, наколькі я разумею, падазраецца ў здрадзе дзяржаве, шпіянажы, ажыццяўляюцца з прамым намерам. Ён павінен разумець, што гэта інфармацыя сакрэтная, павінен жадаць перадаць яе замежным структурам ці іх прадстаўнікам і ўся яго дзейнасць па атрыманні інфармацыі матывуецца неабходнасцю перадачы яе замежнікам.

Падумаем: калі на дакуменце няма грыфа “сакрэтна”, то адкуль чалавек можа ведаць, сакрэтная гэта інфармацыя ці не? І тут ёсць момант, які можна назваць прафесійнай рызыкай. І тычыцца гэта не толькі аналітыкаў, але і журналістаў: ты атрымліваеш інфармацыю, не ведаеш, што яна сакрэтная, а яна можа прыйсці праз трэцюю краіну — тую ж Расію, ты пачынаеш выкарыстоўваць яе на тэрыторыі Беларусі і да цябе ўзнікаюць пытанні. Не выключаю, што, сыходзячы з таго, што асноўнай сферай дзейнасці Алесіна быў вайскова-прамысловы комплекс, нешта такое магло і здарыцца. Наш ВПК завязаны на Расію, адпаведна, ёсць кантакты і курсуе інфармацыя. І можна ўявіць, што на нейкім расійскім інтэрнэт-форуме, якіх там шмат, гэтая інфармацыя была выкладзеная, ён яе атрымаў, выкарыстоўваў у сваёй прафесійнай дзейнасці і да яго ўзніклі пытанні. Пакуль мы не ведаем: ці ён затрыманы, ці ён арыштаваны, а гэта розныя рэчы. Калі арыштаваны, то гэта вельмі дрэнна. Мы не ведаем, па якім артыкуле затрыманы і што яму інкрымінуецца.

                            Андрэй Паратнікоў

Еўрарадыё: Ужо з’віліся меркаванні, што Алесіна затрымалі акурат у адказ на затрыманні літоўскімі спецслужбамі шпіёнаў, якія нібыта працавалі на Беларусь…

Андрэй Паратнікоў: Па-першае, суда над затрыманымі ў Літве яшчэ не было (днямі стала вядома, што ў Літве за шпіянаж на карысць Беларусі арыштаваны санінструктар вайсковай часці, — Еўрарадыё) і таму нельга называць тых людзей шпіёнамі. Па-другое, калі б яны затрымалі нейкага малавядомага актывіста апазіцыі, то гэта адно, а Алесін фігура публічная. І ён затрыманы не ў рэгіёне — гэта там з улікам якасці кадраў цуды творацца такія, што толькі трымайся. Але гэта Мінск, і зразумела, што будзе вельмі моцны рэзананс і таму рашэнне прымалася на самым версе — на ўзроўні альбо намесніка старшыні КДБ, альбо самім старшынёй. Гэта не тыя людзі, якія кіруюцца эмоцыямі: “А давайце мы вам у адказ казіную морду пакажам!”

Еўрарадыё: Калі гэта праўда, то затрыманы Алесін быў тыдзень таму, у мінулы чацвер-пятніцу. Ці можа затрыманы столькі часу знаходзіцца за кратамі без прад’яўлення абвінавачвання?

Андрэй Паратнікоў: Там ёсць сітуацыя, калі затрымліваюць і на 20 дзён. А можа быць сітуацыя, калі чалавека затрымліваюць і арыштоўваюць на 10 сутак без прадстаўлення абвінавачвання. Пракуратура вельмі часта на гэта ідзе. Гэта час, за які мусяць прааналізаваць базу доказаў і прыняць канчатковае рашэнне: альбо выстаўляць абвінавачванне, і тады гэты арышт працягваецца да накіравання справы ў суд, альбо абвінавачванне не выстаўляецца, і тады чалавека праз 10 дзён вызваляюць.

Еўрарадыё: Давайце прааналізуем тры апошнія “шпіёнскія” скандалы: Гайдукова, Сурапіна і ксяндза Лазара…

Андрэй Паратнікоў: З Гайдуковым вельмі “мутная” сітуацыя: яго справу штурхалі з Віцебска ў Мінск, з Мінска — зноў у Віцебск. У мяне такое адчуванне, што ў Віцебску “накасячылі” і паспрабавалі спіхнуць гэта на Мінск, але тыя сказалі: “Не, самі разбірайцеся”. Што да Сурапіна і таго “плюшавага дэсанта”, то там жа былі эмоцыі: трэба было прыкрыць сябе і хутка знайсці таго, на каго можна перакласці адказнасць. Трэба было развіць бурную дзейнасць, узняць пыл, каб самі ведаеце хто не паздымаў галовы і пагоны. Таму Сурапін і хлопец, які кватэру некаму здаваў — выпадковыя ахвяры сітуацыі. Там праз тыдзень да іх усе прэтэнзіі былі знятыя. У выпадку з ксяндзом Лазарам усё таксама вельмі “мутна”. Быў такі віцебскі епіскап Блін, і вось чамусьці яго ў Беларусі цяпер няма. А здарылася гэта амаль адначасова: арышт Лазара і ад’езд Бліна. І тут трэба разумець, што рыма-каталіцкі касцёл ў іншых краінах мае асабліва статус: гэта не толькі рэлігійная арганізацыя, але фактычна філіял іншай дзяржавы. І дзяржава гэтая ў Заходняй Еўропе вельмі ўплывовая. І тое, што рыма-каталіцкія святары недатыкальныя, можа быць заслугай не Ватыкана, а вынікам цікавасці да Ватыкана з боку нашых уладаў.

Еўрарадыё: Але ўсе гэтыя “мутнасці” папярэдніх “шпіёнскіх спраў” не дадаюць даверу ў выпадку з Алесіным…

Андрэй Паратнікоў: Давайце рэальна: Алесін — публічная асоба і яго затрыманне вельмі сур’ёзны крок. Потым будзе вельмі цяжка патлумачыць, што да яго няма прэтэнзій. Таму, хоць нешта на яго павінна быць. Іншая справа, наколькі атрыманне і валоданне гэтай інфармацыяй з’яўляецца складам злачынства. Чалавек мог не асэнсоўваць, што гэтая інфармацыя сакрэтная, у чалавека павінна быць накіраванасць на перадачу гэтай інфармацыі. Пакуль я ні да якіх высноў не прыйшоў — вельмі складана ўсё выглядае.

Еўрарадыё: Па чалавечы вы верыце, што Алесін — свядомы шпіён?

Андрэй Паратнікоў: Не. На халеру гэта яму трэба? Ён запатрабаваны як спецыяліст і можа зарабіць сабе на жыццё абсалютна законнымі шляхамі. Па-другое, ён не таго ўзросту, калі чалавекам кіруе драйв і жаданне нейкага авантурызму, каб лезці ў такія схемы. Таму я схіляюся да думкі: магчыма, нейкая інфармацыя да яго трапіла, хутчэй, яна трапіла праз трэцюю краіну, праз адкрытыя крыніцы ў гэтай краіне, інфармацыя гэта — дзяржаўная таямніца ў нас. А Алесін, не ведаючы характару гэтай інфармацыі, мог яе распаўсюджваць, у тым ліку, замежнікам. Гэта праца журналіста. Тым больш, што ён унікальны спецыяліст у гэтай галіне. Але я не веру, што ён наўмысна імкнуўся атрымаць сакрэтную інфармацыю з мэтай перадачы яе замежным структурам.

                                        Аляксандр Алесін

Еўрарадыё: А ў такім выпадку, калі прытрымлівацца літары закону, яго могуць судзіць за шпіянаж?

Андрэй Паратнікоў: Не. Каб абвінаваціць у шпіянажы, чалавек павінен разумець, ведаць і жадаць гэта зрабіць. Ён павінен асэнсоўваць узровень гэтага злачынства. У дадзеным выпадку, у яго ёсць нейкая інфармацыя, ён яе распаўсюджвае — ну і што? Калі ён яе не скраў і гэтая інфармацыя не на сакрэтным бланку.

Еўрарадыё: А калі “па паняццях”?

Андрэй Паратнікоў: Разумееце, шпіянаж — гэта вельмі складаны склад злачынства не толькі для таго, каго абвінавацілі, але і таго, хто абвінавачвае. Там рэальна трэба мець бездакорныя доказы. Але ёсць адно “але”, як у гісторыі з Гайдуковым. Калі чалавека арыштоўваюць, то проста так яго ўжо не выпусцяць. Бо калі вы спачатку арыштоўваеце, а потым кажаце: “Дзякуй, памылачка выйшла”, то за гэтую памылачку ёсць прававыя механізмы атрымання кампенсацыі нанесеных страт, а па-другое, уласнае кіраўніцтва здыме галаву за такія памылачкі.

Еўрарадыё: Атрымліваецца, што незалежна ад віны — будзе сядзець?

Андрэй Паратнікоў: Калі ён арыштаваны, то праблема вельмі сур’ёзная. Праўда, калі справа ідзе ў суд, то там таксама ёсць поле для манеўра: могуць прысудзіць тэрмін, які чалавек адбыў пад вартай, могуць асудзіць умоўна ці з адтэрміноўкай выканання. Таму цяпер для мяне, як для чалавека, які разумее сістэму следства, самым прынцыповым момантам з’яўляецца пытанне: арыштаваны ён ці не? Бо калі арыштаваны, то справа дрэнь.

Еўрарадыё: А тое, што ў КДБ ніякіх каментарыяў на гэтую тэму не даюць, пра нешта сведчыць?

Андрэй Паратнікоў: Гэта пакідае надзею на тое, што рашэнне канчаткова не прынятае. У іх ёсць нейкія падставы, яны затрымалі чалавека, але пакуль яшчэ вывучаюць сітуацыю. Пакуль я спадзяюся толькі на гэта. 

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі