Суд прызначыў настаўніцы 2,5 гады хатняй "хіміі" за два рэпосты пра міліцыянтаў
Алёна Пуцыковіч / spring96.org
Да двух з паловай гадоў хатняй "хіміі" прысудзіў суд Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці мясцовую настаўніцу Алёну Пуцыковіч, паведамляюць праваабаронцы. Яе абвінавачвалі ў паклёпе. Падставай для справы сталі два рэпосты пра міліцыянтаў.
Згодна з матэрыяламі справы, адзін з рэпостаў быў пра старшага ўпаўнаважанага групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі АУС Іванаўскага раёна Аляксандра Задарожнага. Пуцыковіч, паводле версіі следства, "з мэтай распаўсюджвання загадзя хлуслівых звестак", якія зневажаюць міліцыянта, распаўсюдзіла ў тэлеграм-чаце "Іванава для жыцця" рэпост інфармацыі пра тое, што Задарожны "здымаў на камеру жанчын-пратэстоўцаў з белымі і чырвонымі шарыкамі і кветкамі, а потым ілжэсведчыў у судзе супраць іх".
Напярэдадні пракурор прасіў для Алёны пакаранне ў выглядзе 2,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Суд цалкам падтрымаў бок абвінавачвання.
Пуцыковіч таксама мусіць выплаціць двум пацярпелым міліцыянтам кампенсацыю ў памеры 1500 рублёў кожнаму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.