Суд у РФ адхіліў скаргу на арышт беларуса, абвінавачанага у выбухах на БАМе

Сяргей Ерамееў у судзе

Сяргей Ерамееў у судзе / tass.ru

Суд у РФ адхіліў скаргу на арышт 52-гадовага беларуса Сяргея Ерамеева, абвінавачанага у падрыве двух грузавых цягнікоў на БАМе. 15 студзеня яе разгледзеў Омскі абласны суд. Яго прэс-служба паведамляе, што "мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту пакінутая без змены, у задавальненні скаргі адмоўлена". Яшчэ летась на пасяджэнні Цэнтральнага раённага суда Омска Ерамееў прасіў адправіць яго пад хатні арышт — ён прапаноўваў зняць нумар у гасцініцы (аплачваць яго абяцалі сваякі). Беларус запэўніваў, што не збіраецца ўцякаць ці здзяйсняць яшчэ нейкія акцыі, паведамляе ТАСС. Аднак яго пакінулі за кратамі да 30 студзеня.

Яшчэ ў снежні з'явілася інфармацыя, што Сяргея Ерамеева этапавалі ў сталіцу Бураціі Улан-Удэ.

Выбухі ў Бураціі на БАМе падчас праходжання грузавых цягнікоў, у тым ліку з дызельным і авіяцыйным палівам, адбыліся ў канцы лістапада: спачатку ў Паўночнамуйскім чыгуначным тунэлі, а пасля на абыходным участку. Рух цалкам спыняўся. 7 снежня ФСБ Расіі паведаміла пра затрыманне ў Омску грамадзяніна Беларусі Ерамеева, якога абвінавацілі ў здзяйсненні дыверсіі. Ён нібыта меў заданне ад іншага беларуса, які жыве ў Літве і "дзейнічае пад кантролем спецслужбаў Украіны". Сяргей Ерамееў распавёў, што прывёз на аўтамабілі з Беларусі ў Бурацію магнітныя міны і заклаў на цыстэрнах грузавых цягнікоў. У судзе ён заявіў, што хацеў паралізаваць рух на чыгунцы, каб перашкодзіць пастаўкам вайсковых грузаў з КНДР для расійскай арміі, якая ваюе супраць Украіны.

Пасля дыверсіі ў РФ у Беларусі прайшлі затрыманні: у Полацку і Наваполацку супрацоўнікі КДБ прыйшлі да дзясяткаў мясцовых жыхароў. Ерамееў раней працаваў на "Нафтане", удзельнічаў у страйку ў 2020 годзе, быў звольнены з палітычных матываў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі