Судовы працэс аб апецы над сынам Вікторыі Азаранка працягнецца
Судовы працэс аб апецы над сынам Вікторыі Азаранка працягнецца: былы бойфрэнд беларускай тэнісісткі Білі Макіг падаў апеляцыю на ранейшае рашэнне суда Каліфорніі. Паводле гэтага рашэння, справу аб апецы над сынам спартсменкі павінен разглядаць беларускі суд.
Макіг меў тры тыдні, каб падаць апеляцыю, і ён уклаўся ў гэты тэрмін. Цяпер амерыканскі суд будзе разглядаць справу наноў. На час гэтага працэсу Вікторыі Азаранка забаронена пакідаць Каліфорнію.
Азаранка нарадзіла сына, названага Леа Аляксандрам, у канцы 2016 года. Праз некалькі месяцаў пасля яго нараджэння яна рассталася з бацькам хлопчыка, з якім не была ў шлюбе. Цяпер Білі Макіг спрабуе дамагчыся апекі над сваім біялагічным сынам.
Праз гэты судовы працэс беларуская спартсменка не выходзіць на корты з чэрвеня 2017 года. Яна прапусціла шэраг буйных турніраў, у тым ліку турнір у Досе, дзе ёй давалі “уайлд-кард”, нагадвае pressball.by