Суды ва Украіне канфіскоўваюць у грамадзян Беларусі зямельныя ўчасткі
У беларусаў ва Украіне забіраюць сельскагаспадарчыя ўчасткі / pixabay.com, ілюстрацыйнае фота
Суды ва Украіне пачалі канфіскоўваць зямельныя ўчасткі ў грамадзян Беларусі. Як перадае Радыё "Свабода", шмат такіх рашэнняў цяпер выносяць суды ў Чарнігаўскай, Хмяльніцкай, Кіеўскай, Сумскай, Херсонскай і Цярнопальскай абласцях.
Суды канфіскоўваюць або спыняюць права ўласнасці беларускіх грамадзян на зямельныя ўчасткі, якія яны раней купілі або атрымалі ў спадчыну ад сваіх памерлых сваякоў. Прычым канфіскацыя ўжываецца ў дачыненні і да тых беларусаў, якія маюць дазвол на пастаяннае жыхарства ва Украіне.
Паведамляецца, што пад канфіскацыю трапляюць толькі тыя землі, якія маюць сельскагаспадарчае прызначэнне. Гэта звязана з новай нормай Зямельнага кодэкса Украіны. У адпаведнасці з ім замежным грамадзянам забаронена валодаць сельскагаспадарчай зямлёй, таму яны павінныя цягам году добраахвотна яе адчужыць.
У Дзяржаўнай службе Украіны па пытаннях геадэзіі, картаграфіі і кадастру кажуць, што з 1 ліпеня 2021 года зарэгістравалі 180 708 дамоваў аб адчужэнні зямельных участкаў сельскагаспадарчага прызначэння.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.