Сурагатнае мацярынства ў Беларусі: "гей-пара стаць кліентам не можа"
Сурагатнае мацярынства ў Беларусі — працэдура абсалютна законная. / mk.ru
"Прыстойная сямейная пара шукае сурагатную маці", "Гатовая стаць сурмамай, здароўе добрае" — такія аб'явы ў інтэрнэце не рэдкасць. Можна па-рознаму ставіцца да ідэі выношвання чужога дзіцяці, але сурагатнае мацярынства ў Беларусі — працэдура абсалютна законная. Што адчуваюць "сурмамы" пасля развітання з дзіцем і чаму ў Беларусі гей-пары не могуць "заказаць" дзіця?
Еўрарадыё разбіралася ў нюансах беларускага рынку сурагатнага мацярынства.
Не лёгкія грошы, а доўгі і складаны працэс
Таццяна –– маці дваіх дзяцей з Брэсцкай вобласці. Ідэя сурагатнага мацярынства зацікавіла 26-гадовую дзяўчыну яшчэ ў 2013 годзе, калі яе найлепшая сяброўка сутыкнулася з праблемай бясплоддзя:
— Цяжарнасці ў мяне праходзілі спакойна, здароўе — добрае. Я шчыра хацела дапамагчы сваёй сяброўцы. Пачала вывучаць тэму, здала ўсе неабходныя аналізы. Чакала, пакуль сяброўка будзе маральна гатовая. Яна так і не адважылася... А я вось ужо настроілася на ідэю выношвання дзіцяці.
Беларуска звярнулася ў адно з мінскіх агенцтваў па сурагатным мацярынстве, дзе ёй вельмі хутка знайшлі зацікаўленую бяздзетную пару. Першыя спробы зацяжараць абярнуліся няўдачай. Таццяна лічыць, што ў гэтай няпростай справе многае залежыць ад дактароў, якія праводзяць падсадку эмбрыёна.
— Трэба разумець, што сурагатнае мацярынства — гэта не лёгкія грошы, а складаны і часцяком доўгі працэс. Зацяжарала я ў 2017 годзе, калі мне быў 31 год. Цяжарнасць праходзіла нармальна, назіралася я ў звычайнай паліклініцы па месцы жыхарства. Генетычныя бацькі — з Беларусі, таму і назіранне цяжарнасці, і роды праходзілі ў краіне. Адносіны з біямамай у нас склаліся вельмі добрыя, пастаянна падтрымлівалі кантакт. Мае блізкія ведалі пра тое, што я выношваю чужое дзіця, і паставіліся да гэтага спакойна. Староннім жа я старалася не расказваць. Падчас цяжарнасці я не папраўляюся больш чым на 7 кілаграмаў, таму ніякіх пытанняў асабліва і не ўзнікала.
"Перанесла расставанне з дзіцем спакойна"
Паводле дамовы, якую заключаюць генетычныя бацькі і сурагатная маці, дзіця пасля дзевяці месяцаў цяжарнасці неадкладна рэгіструюць на біябацькоў. Нованароджанага не кладуць побач з сурагатнай маці, яна не займаецца яго кармленнем. Таццяна была маральна гатовая развітацца з дзіцем адразу пасля родаў:
— Нованароджанага аднеслі ў палату да генетычнай мацi. Я чытала шмат гісторый пра тое, што сурагатныя мамы адчуваюць прывязанасць, але гэта не мой выпадак. Я разумела, на што іду, усведамляла, што дзіця ўнутры — чужое. Пасля родаў я зазірнула ў палату да генетычнай мамы, развіталася з ёй. Цяпер перыядычна бачу дзіця на фотаздымках. Ніякай пасляродавай дэпрэсіі ў мяне не было. Я зрабіла сваю справу, зарабіла грошы, дапамагла "ўзроставым" бацькам абзавесціся доўгачаканым дзіцем. У цэлым гэта быў станоўчы досвед. Я нават спрабавала яго паўтарыць нядаўна, але, на жаль, зацяжараць з першай спробы не атрымалася.
Зарабляе сурагатная маці ў Беларусі ў сярэднім каля 15 тысяч долараў.
Галоўнае — псіхалагічная гатоўнасць
Любая дзяўчына, якая рашыла падзарабіць, стаць сурагатнай маці не можа. Пра патрабаванні да кандыдатак Еўрарадыё расказаў Ягор Гаўрылюк, дырэктар мінскага агенцтва па падборы сурагатных мам "Белмедтрэвэл":
— Закон аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях Беларусі гаворыць пра тое, што вынасіць і нарадзіць малое для генетычных бацькоў можа жанчына, якая знаходзіцца ў шлюбе і мае ўласнае дзіця. Яна павінна быць старэйшая за 20 і маладзейшая за 35 гадоў. Сурмама таксама не павінна мець праблем з законам. Далей мы праводзім псіхалагічную гутарку і медыцынскае абследаванне. Прычым у гэтай справе вельмі важна, каб дзяўчына была маральна гатовая да такой цяжарнасці. Здараецца, што па ўсіх медыцынскіх паказчыках яна падыходзіць, але псіхалагічна абсалютна не падрыхтаваная.
Пэўнага партрэта беларускі, якая прыходзіць з жаданнем стаць сурагатнай маці, няма. Звяртаюцца як мінчанкі, так і дзяўчаты з правінцыі. Тое ж датычыцца наяўнасці або адсутнасці вышэйшай адукацыі.
Гей-пара стаць кліентам не можа
Да кліентаў таксама ёсць патрабаванні. Для таго каб скарыстацца паслугамі сурагатнага мацярынства, патрэбны пэўныя медыцынскія паказанні. Нежаданне псаваць сваю фігуру — не аргумент.
Не могуць стаць кліентам беларускіх агенцтваў і гей-пары. Звярнуцца ў беларускія агенцтвы могуць толькі жанчыны, у якіх было некалькі няўдалых спроб ЭКА, альбо тыя, каму ставілі дыягназ "Цяжарнасць супрацьпаказаная". Гэта значыць жанчыны, у якіх застаўся толькі адзін варыянт — сурагатнае мацярынства.
Знайсці сурагатную маці ў Беларусі могуць грамадзяне любой краіны. Вялікая частка кліентаў мінскага агенцтва — з рускамоўных краін, але звярталіся па паслугу таксама з заходнееўрапейскіх дзяржаў, ЗША.
— Гэта, вядома, справа кожнага, але я лічу, што лепш арганізоўваць працэдуру сурагатнага мацярынства праз агенцтва. Калі кліенты шукаюць сурмам без пасярэднікаў, то нярэдка сутыкаюцца з падманам або нядобрапрыстойнымі мамамі. Мы ж нясём адказнасць за нашых сурагатных маці, — дадае Ягор Гаўрылюк.
Узнагароджанне — ад 13 000 долараў. Двайняты даражэйшыя на 30%
Генетычныя бацькі выплачваюць узнагароджанне сурагатным маці пасля родаў. У Беларусі гэтая сума пачынаецца ад 13 000 долараў. Акрамя гэтага, памесячна сурмама атрымлівае прыблізна 400 долараў на працягу цяжарнасці і месяца пасля родаў. Дадаткова аплачваюцца выдаткі на адзенне для цяжарнай і медыцынскія абследаванні.
Ягор Гаўрылюк лічыць, што памер узнагароджання будзе толькі расці, бо попыт на сурагатнае мацярынства павялічваецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.